Рыгора Грыка абвінавачваюць у несанкцыянаваным пікеце
У судзе горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна адбылося першае паседжанне па адміністрацыйнай справе грамадскага актывіста Рыгора Грыка.
Яго абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаванага пікета. Насамрэч Грык прыняў удзел у перадвыбарчым пікеце экс-кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Міколы Чарнавуса (старэйшага).
На пікеце быў апрануты ў касцюм, стылізаваны пад арыштанцкую робу, што не спадабалася ўладам. Судовае паседжанне распачата без Грыка. Ён з’ехаў адразу пасля выбараў у невядомым кірунку. Таму не мог атрымаць позвы ў суд, кажа Мікола Чарнавус:
– Хочуць прывесці яго ў суд прымусова, аля яго няма ў горадзе. Улады хочуць правесці судовае паседжанне без яго і пакараць штрафам.
Паводле праваабаронцы Ўладзіміра Малея, калі чалавек не атрымаў позвы ў суд, то правядзенне суда ў яго адсутнасць незаконнае:
– Суд не мае права разглядаць справу без належнага паведамлення. Калі прыедзе, даведаецца, што ёсць пастанова. Будзе абскарджваць.
Па словах Міколы Чарнавуса, другое паседжанне абудзецца 25 кастрычніка. Улады спяшаюцца, таму што 12 лістапада заканчваецца 2 месяцы пасля складання пратакола і, калі Рыгор Грык не з’явіцца, справа павінна быць закрыта.
Беларускае Радыё Рацыя