У Варшаве на Кафедру беларусістыкі не набралася людзей на І курс магістратуры



У Варшаўскім універсітэце на Кафедры беларусістыкі пачаўся новы навучальны год. 47 чалавек пайшло на першы курс бакалаўрыяту, хаця кіраўнік Кафедры прафесар Ніна Баршчэўская адзначае, што невядома, колькі з іх застанецца, а колькі прыйшло толькі па пасведчанне студэнта.

dscn5557

А вось на першы курс другога роўню (магістратура) людзей не набралася дастаткова, працягвае спадарыня Баршчэўская.

– Было замала кандыдатаў, і ў сувязі з гэтым мы не маглі адкрыць першы курс другога роўню. А гэта значыць, што з магістарскімі студыямі ў нас праблемы.

У сувязі з гэтым я звярнулася да рэктара з просьбай, каб дазволіў нам правесці яшчэ адзін набор у лютым, з наступнага семестру. Калі нам удасца прыняць як мінімум пяць чалавек, то першы курс другога роўню будзе ў нас.

РР: Скажыце, калі ласка, ці першы раз такая сітуацыя, што не набіраецца курс?

– Першы раз. Заўсёды было так, што на другі ровень паступала частка нашых студэнтаў пасля бакалаўрыяту, і часткова прыходзілі людзі звонку. Сёлета аказалася, што першыя не здолелі абараніць бакалаўрскія працы, у сувязі з чым ніхто не паступіў з нашых студэнтаў, а звонку было толькі тры кандыдаты.

РР: Ці Вы бачыце ў гэтым нейкія больш глабальныя прычыны, ці проста так склаліся абставіны толькі ў гэтым годзе?

– Хацелася б спадзявацца, што толькі ў гэтым годзе. Трэба аптымістычна глядзець. Але мы добра ведаем, што моладзі ўсё меней, мы ўваходзім у дэмаграфічны спад у Польшчы. Таму гэта праблема ёсць ва ўсіх ВНУ, гэта не толькі нашая праблема, таму што, наколькі ведаю, лёс іншых кафедраў беларусістыкі таксама не «ружовы». Між іншым, у Беластоку, праблемы таксама маюцца ў Любліне.

Мы вядзем навучанне трох моваў. Гэта наша спецыфіка. Мы ўвялі навучанне беларускай, расейскай і ангельскай моваў. Нашы выпускнікі атрымліваюць дыпломы магістра або бакалаўра з пазначэннем – беларуская філалогія з расейскай і ангельскай мовамі. Нам здавалася, што гэта павінна прыцягнуць моладзь, паколькі ў сучасным свеце мовы трэба ведаць.

РР: Паколькі ў вас вывучаецца і беларуская мова, і расейская, ці можна сказаць, што ў вас вучыцца цяжэй, чым на русістыцы?

– Цяжэй, але спадзяюся, што цікавей. Мы рыхтуем аднак моладзь, якая мае крыху шырэйшыя веды, таму што калі вывучае расейскую мову, то ў нейкім кантэксце, звязаным з гісторыяй, культурай Расеі. Яны ведаюць не толькі пра Беларусь, але і пра Расею.

РР: Які склад студэнтаў? Ці гэта адныя палякі, ці ёсць беларусы або людзі з іншых краінаў?

– У нас у асноўным палякі, пераважна моладзь з Варшавы. Калі здараецца па адной асобе ці то з Падляшша, ці з Беларусі, то гэта адзінкі. Але яны ёсць.

Так што сапраўды варта вылоўліваць і ганарыцца тымі нешматлікімі студэнтамі, якія многа дасягнулі і якія, спадзяюся, у будучыні будуць звязваць свой лёс з беларускімі пытаннямі. Калі не з Беларуссю, то прынамсі з беларусазнаўствам і працягваць сваё зацікаўленне.

РР: Хацелася б удакладніць: то бок тое, што не ўдалося набраць курс, ніяк не звязана з фінансавымі або арганізацыйнымі магчымасцямі, і ўсе магчымасці ёсць?

– Ёсць магчымасці, калі прыйдзе моладзь. Сардэчна запрашаем! Мы несумненна абвесцім усю інфармацыю пра наш набор, таму што існуе магчымасць пачаць навучанне не з кастрычніка, а з лютага. Лічу, што наша праграма цікавая, з ёй можна пазнаёміцца онлайн, таму што цяпер усё ёсць на нашай старонцы.

А яшчэ мы працуем над новым напрамкам, ён будзе называцца Філалагічна-культуразнаўчыя даследаванні Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы. Там будзе значна пашыраная праблематыка з галіны культуразнаўства, і думаю, што гэта таксама такая навіна, якая можа прыцягнуць моладзь да нас.

Варта дадаць, што ў гэтым годзе Кафедра Беларусістыкі Варшаўскага Ўніверсітэту будзе адзначаць шасцідзесяцігадовы юбілей.

Станіслаў Раманчук, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара