Зміцер Дашкевіч: Калі народ выракся сваіх сімвалаў, я плакаў



У Менску працягваецца збор подпісаў за наданне бела-чырвона-беламу сцягу статусу нацыянальнай каштоўнасці. Акцыю ўжо амаль месяц праводзіць Малады Фронт. З 13 кастрычніка мінакам прапануецца падпісацца таксама і за палітзняволенага гісторыка і журналіста Эдуарда Пальчыса, які пад псеўданімам Джон Сільвер заснаваў сайт 1863x.com. Некалькі матэрыялаў сайту былі прызнаныя экспертызай экстрэмісцкімі. Але праваабаронцы не лічыць іх такімі і заявілі аб палітычна матываваным пераследзе Эдуарда Пальчыса.

Лідар Маладога Фронту Зміцер Дашкевіч распачаў збор подпісаў у адным з самых ажыўленых месцаў у Менску – у пераходзе ля станцыі метро „Кастрычніцкая”. Там ён і адказаў на некалькі пытанняў журналіста Радыё Рацыя Генадзя Барбарыча.

RR: Гэты, так бы мовіць, марафон па збору подпісаў працягваецца кожны дзень?

Зміцер Дашкевіч: Так, кожны дзень, апроч святой нядзелі. А так кожны дзень мы тут стаім, збіраем подпісы. У розны час, у залежнасці, хто ў які час вызваляецца з працы ці вучобы. Таму што ўсе нашыя актывісты  пры справах. Мы пачынаем таксама збіраць подпісы пад адным з артыкулаў Джона Сільвера. І гэтыя подпісы пад артыкулам перададзім у суд.  Адвакат Эдуарда Пальчыса будзе прасіць далучыць іх да матэрыялаў крымінальнай справы. Пасыл вельмі просты – калі вы судзіце Эдуарда за вось гэтыя артыкулы, то ёсць пэўная колькасць людзей, якія падпісваюцца таксама пад імі. То судзіце іх усіх. Па логіцы, трэба асудзіць кожнага, хто падпісваецца. Актывісты, сябры Маладога Фронту ўжо паставілі свае подпісы. Зараз чакаем, што і іншыя патрыёты зробяць тое ж.

RR: Працягваецца таксама збор подпісаў за бела-чырвона-белы сцяг. І ўжо набліжаецца да фіналу. Вы раней казалі, што 19-20 кастрычніка ён ужо скончыцца. Колькі подпісаў ужо сабрана?

Зміцер Дашкевіч: Не, пакуль пра гэта гаварыць не будзем. Скажам 19 кастрычніка.

RR: Але размова можа ісці пра тысячы, дзясяткі тысяч, а можа, пра сотні тысяч подпісаў?

Зміцер Дашкевіч: Не, наўрад ці пра сотні тысяч, канешне. Я, увогуле, пачаў гэтую кампанію, разлічваючы, што адзін збяру 1000 подпісаў за месяц. 1000 у мяне ўжо сабрана. І я працягваю збор. Яшчэ некалькі чалавек далучыліся да гэтай працы і збіраюць.

RR: Ёсць меркаванне, што падчас крызісу людзей іншае хвалюе – як выжыць, як грошы зарабіць, дзяцей пракарміць. А Вы збіраеце подпісы  за сцяг, за сімвалы, для большасці вельмі абстрактныя. Ці правільна гэта?

Зміцер Дашкевіч: Гэта абсалютна правільна. Хто лічыць, што першая праблема, як паесці варанай каўбасы, – няхай выходзіць і змагаецца за вараную каўбасу. А я лічу, што гэта не галоўная праблема. Калі ў дзяржаве будзе панаваць праўда і справядлівасць, то будуць і ўсе ўмовы для таго, каб чалавек, сям’я, грамадства жылі забяспечана. Калі ж людзі кажуць, што праўда, парадак і справядлівасць не маюць значэння, то яны па выніку і атрымоўваюць тое, што атрымоўваюць. Натуральна, канешне, што справы жыццёвыя, дабрабыт сям’і перш за ўсё турбуюць большую частку любога грамадства. Але гэта не замінае таму, каб мы дамагаліся і чагосьці большага. 

RR: Але вось мы ўжо некалькі хвілін стаім у пераходзе, але ніхто не падыйшоў падпісацца. Не крыўдна?

Зміцер Дашкевіч: Трэба пачаць размаўляць з людзьмі. Па-першае, мы стаім хвіліны тры. А па-другое, трэба людзей запрашаць. Таму што зусім нямногія прыходзяць мэтанакіравана, таму што ведаюць, – менавіта тут збіраюцца подпісы. Большасць людзей проста ідуць па сваіх справах. Але я магу сказаць, што ў розныя гадзіны, у залежнасці ад наплыву людзей, ад 20 да 45 чалавек падпісваюцца за гадзіну на станцыях метро пад гэтай  петыцыяй за сцяг. А пікеты стаяць у некалькіх кропках. Вось сёння – пяць пікетаў стаіць па горадзе. Так што песімізму не трэба. Я мяркую, што большасць людзей пры любой уладзе заўсёды будуць вось так проста ісці па сваіх справах. Можа быць нават гэта нармальная сітуацыя. Не могуць 100 працэнтаў, 90 працэнтаў, я думаю, нават 50 працэнтаў быць такімі гіперактыўнымі. Добра гэта ці кепска, я не ведаю. Мне адзін актывіст наш, маладафронтавец, рапавядаў, што размаўляў са сваёй бабуляй. А яна была вязнем ў канцлагеры ў часы фашыстоўскай акупацыі. Яны размаўляюць пра сцяг і яна кажа, што ёй няма розніцы, які сцяг. „І нават той, пад якім сядзела ў лагеры? – пытаецца ён. – А якая розніца, галоўнае, каб было што паесці і вайны не было”. Мы можам разважаць, кепска гэта ці не кепска. Але для большасці людзей няма розніцы, якія будуць сімвалы. На жаль, такая дадзенасць. Мажліва, мы саспеем і будзем грамадствам, у якім для 90 адсодкаў будзе важна, пад якімі дзяржаўным сімвалам жыць. Але на сёння вось такая сітуацыя. Яна склалася за дзесяцігоддзі бальшавісцкага тэрору. 22 гады ўжо Аляксандр Лукашэнка праводзіць сваю палітыку, каб  людзі былі беспамятныя, індыферэнтныя і турбаваліся толькі аб тым вось, што паесці.  

RR: А для Вас асабіста бела-чырвона-белы сцяг калі стаў самым вялікім сімвалам у жыцці?

Зміцер Дашкевіч: У 1995 годзе я памятаю сябе 13-гадовага. Я плакаў, не мог зрамець, чаму нацыя выракаецца свайго сцяга і герба. Потым, ужо калі пасталеў, то даведаўся, як праз гвалт, збіццё дэпутатаў у парламенце, спецназаўскія зачысткі і так далей адбываліся гэтыя змены. А тады я не мог зразумець, чаму народ выракаецца, – у мяне было такое ўспрыняццё сітуацыі. І з таго моманту, з 1995 году, я патрыёт бел-чырвона-белага сцягу. З таго рэферэндуму, на якім Лукшэнка мяняў сцяг, герб, мову.

Праз тыдзень Малады Фронт мяркуе завершыць збор подпісаў. Падпісныя лісты будуць перададзены ў Міністэрства культуры, якое павінна разгледзець зварот грамадзянаў аб наданні бел-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя