У Беларусі па-ранейшаму практыкуюць прымусовую падпіску



Беларуская асацыяцыя журналістаў не пакіне справу прымусовай падпіскі на Лідчыне. Прэс-сакратар арганізацыі Барыс Гарэцкі кажа, што ў хуткім часе звернецца ў пракуратуру з пытаннем адносна прымусовай падпіскі на дзяржаўныя выданні на прадпрыемствах. Факт такога прымусу афіцыйна пацвердзілі ў адказе з Лідскага раённага выканаўчага камітэту на запыт БАЖу, і патлумачылі, што гэта “спрыяе правядзенню інфармацыйнай работы з насельніцтвам на больш высокім роўні”. Каментуе Барыс Гарэцкі:

– Мы лічым, што прымусовая падпіска на дзяржаўныя выданні парушае роўнасць эканамічных інтарэсаў і эканамічных правоў дзяржаўных і недзяржаўных выданняў. Таму што па законе – усе роўныя, але, як высвятляецца, ёсць раўнейшыя, якія атрымліваюць пэўныя эканамічныя прэферэнцыі. Безумоўна, калі чалавек падпісаўся на некалькі дзяржаўных выданняў, то наўрад ці ён будзе выпісваць нейкую незалежную прэсу ў дадатак.

Калі на дзяржаўныя выданні, у тым ліку “Советскую Белоруссию”, “Рэспубліку” і “Звязду”, работнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў прымушаюць падпісацца, то многія незалежныя выданні не могуць нават трапіць у падпісны каталог РУП “Белпошта”. Напрыклад, у такой сітуацыі ўжо не першы год знаходзіцца “Газета Слонімская”. Галоўны рэдактар газеты Віктар Валадашчук кажа, што трэба звярнуцца з новым запытам, хоць вынік вядомы загадзя:

– Шанцаў амаль зусім няма, нават немагчыма прадаваць у мясцовых крамах, бо адмаўляюць. Не ўлічваючы, што ёсць прыватныя гандлёвыя сеткі, – гэта “Еўраопт” і “Алмі”, але ж, на жаль, я таксама не магу туды патрапіць, каб прадаваць у рознічную сетку.

На сёння “Газета Слонімская” выходзіць накладам у 3,5 тысячы асобнікаў, якія распаўсюджваюцца ўласнымі сіламі. Нядаўна стала вядома, што і газета “Новы Час” на свой запыт адносна ўключэння ў падпісны каталог “Белпошты” таксама атрымала адмову.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя