Юрась Губарэвіч узначаліў Рух „За Свабоду” (абноўлена)



На справаздачна-выбарчай канферэнцыі Руху за пасаду кіраўніка змагаліся тры кандыдаты: намеснікі старшыні Юрась Губарэвіч і Алесь Лагвінец, а таксама актывіст Алесь Таўстыка.

Пасля галасавання стала вядома, што Губарэвіч перамог з мінімальнай перавагай: 59 галасоў атрымаў ён, 51 — Алесь Лагвінец. Алесь Таўстыка набраў 2 галасы.

«Я задаволены, што выбары прайшлі справядліва і адкрыта. І аспрэчваць няма чаго. Самае галоўнае, каб Рух узмацніўся, а не стаў слабейшы. Напружанасць паміж людзьмі пэўная была, і былі некаторыя выказванні ў сеціве… Хтосьці потым выбачаўся, хтосьці — не, але ж у ЗША, напрыклад, на дэбатах і не такія слоўцы ідуць! Я не лічу, што менавіта ў гэтым амерыканцы нам прыклад. Хочацца, каб усё было з павагай. Я ужо казаў, і скажу яшчэ: дэмакратыя — цяжкі іспыт, – пракаментаваў вынікі выбараў экс-старшыня Руху Аляксандр Мілінкевіч. — Але Рух — гэта добрая каманда, якая даўно працуе разам. І калі нашы лідары знойдуць паразуменне і будуць разам працаваць, то праз пэўны час пабачым, здалі мы сёння іспыт ці не”.

«Натуральна, я задаволены перамогай, — паведаміў «Нашай Ніве» Юрась Губарэвіч. — Я бачу, што ёсць канкурэнцыя і гэта трэба ўлічваць у будучай працы. Але, думаю, людзі прыходзяць у Рух не пад нейкую асобу, а пад агульныя справы і агульную ідэю. Для мяне як для старшыні цяпер важна будзе пачуць кожнага і даць кожнаму тую працу, якую чалавек хоча і заслугоўвае».

gubarevich

Справаздачна-выбарная канферэнцыя арганізацыі праходзіць у Менску. Губарэвіч назваў сур’ёзнай адказнасцю і выпрабаваннем кіраваць Рухам «За Свабоду». Паводле яго слоў, сітуацыя ў краіне мяняецца і арганізацыі «неабходна адваёўваць плацдармы, якія здае Лукашэнкі». «Нам ёсць што прапанаваць людзям», – заявіў палітык.

Губарэвіч адзначыў, што актывістаў руху аб’ядноўваюць агульныя ідэі і каштоўнасці, а таму ў выпадку сваёй перамогі ён гатовы прапанаваць месца першага намесніка старшыні Лагвінцу.

Таўстыка, які сам высунуў сваю кандыдатуру на пасаду старшыні, адзначыў, што ў бліжэйшы час арганізацыя павінна стаць адукацыйнай пляцоўкай, якая будзе садзейнічаць адраджэнню Беларусі. «Да 2020 года, калі адбудуцца чарговыя прэзідэнцкія выбары, Рух «За Свабоду» павінен атрымаць такую рэйтынгавую падтрымку, якая дазволіць новаму старшыні арганізацыі – будучаму кандыдату ў прэзідэнты — упэўнена ўвайсці ў кампанію, годна яе правесці і перамагчы», – заявіў ён.

Лагвінец заявіў, што рух павінен прыкладаць больш намаганняў, каб дастукацца да людзей. «Нам не трэба заклікаць іх на выбары, трэба пераканаць, што мы можам бараниць іх інтарэсы», – заявіў Лагвінец. У выпадку перамогі Лагвінец гатовы кіраваць арганізацыяй як сустаршыня з тым, хто зойме другую пазіцыю па выніках галасавання.

* * *

Мілінкевіч – сыходзіць з палітыкі. У Менску ў гэтыя хвіліны пачынаецца справаздачна-выбарчая канферэнцыя Руху “За Свабоду”. Апазіцыйны палітык Аляксандр Мілінкевіч не балатуецца на чарговы тэрмін старшыні арганізацыі. Раней ён адзначыў, што плануе сканцэнтравацца на стварэнні Вольнага беларускага ўніверсітэта, які ў планах мае рыхтаваць спецыялістаў, неабходных для трансфармацыі Беларусі. На старшынства ў арганізацыі прэтэндуюць два намеснікі Мілінкевіча – Юрась Губарэвіч і Алесь Лагвінец.

Рух “За Свабоду” з’явіўся на хвалі пратэстаў сакавіка 2006 года пасля прэзідэнцкіх выбараў. На сёння ў арганізацыі – каля 600 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя