Польскі палітык зоймецца справай чачэнскіх уцекачоў
Дэпутат Сейма ад апазіцыйнай партыі “Грамадзянская платформа” Марцін Свянціцкі лічыць незаконнымі дзеянні польскіх памежнікаў, якія ў пункце пропуску Берасце – Тэрэспаль не прапускаюць чачэнскіх уцекачоў. У святле заканадаўства, калі чалавек просіць міжнароднай абароны, памежнікі абавязаны яго прыняць і накіраваць у адпаведныя прытулкі. Пазней кожная справа індывідуальна разглядаецца ўпаўнаважаным органам.
Кажа польскі дэпутат:
– Па-першае, чаму памежная служба адмаўляецца ўпускаць іх. Гэта ж не яна вырашае статус уцекачоў. Па-другое, гэтыя людзі знаходзяцца ў жудасных ўмовах. Таму такое стаўленне да іх нават супярэчыць закону. І ў гэтай справе я пішу інтэрпеляцыю і да міністра юстыцыі, і да міністра ўнутраных спраў.
Прадстаўнікі няўрадавых арганізацый зазначаюць, што апошнім часам наплыў чачэнцаў на памежным пераходзе Берасце-Тэрэспаль рэзка павялічыўся, па некаторых падліках на беларускім баку мяжы знаходзіцца ад адной да трох тысяч чачэнскіх уцекачоў.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава