Беларусы выступілі ў стралковым турніры памяці Патрыка Якубоўскага
Каля 20 спартоўцаў з Беларусі выступіла ў Беластоку падчас стралковага турніра, прысвечанага трагічна загінуламу Патрыку Якубоўскаму. Мемарыял па стральбе з вінтоўкі і пісталета прайшоў ужо шосты раз. Сярод лаўрэатаў паасобных узроставых катэгорыяў былі таксама беларусы.
Георгій Наркевіч:
– Першыя тры – гэта нашыя спартоўцы, якіх мы расцім, дапамагаем дасягнуць добрых спартыўных вынікаў. А беручы ўдзел у спаборніцтвах у Беластоку, гэта дае магчымасць самаўдасканалення і падвышэння свайго ўзроўню.
Яланта Ярчэўска – віцэ-прэзідэнт спартыўнага клюба «Kaliber» у Беластоку:
– На нашыя традыцыйныя спаборніцтвы «Polish Open Kaliber», якія праходзяць у канцы лістапада, прыязджае каля 8 клубаў з Беларусі.
Яраслаў:
– У лістападзе мінулага года я заняў другое месца на «Polish Open Kaliber 2015». Цяпер я вучуся ў вучылішчы алімпійскага рэзерву ў Менску.
У мемарыяле выступіла каля 130 спартоўцаў з Польшчы, Беларусі і Літвы. У панядзелак будуць спаборнічаць вучні 4-ага агульнаадукацыйнага ліцэя.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота radio.bialystok.pl