Новы механізм супрацы ў межах „Усходняга партнёрства“



Еўразвяз запускае новы механізм супрацы з краінамі-ўдзельніцамі „Усходняга партнёрства”. „Праграма тэрытарыяльнай супрацы” – так называецца новая палітыка па ўзаемадзеянні з шасцю постсавецкімі дзяржавамі, накіраваная на ўмацаванне міжрэгіянальных кантактаў паміж мясцовымі ўладамі і грамадзянскай супольнасцю.

Дырэктар гомельскага цэнтра рэгіянальнага развіцця „Гомельскі дэмакратычны форум” Пятро Кузняцоў адзначае прынцыповае адрозненне новай праграмы ад ранейшых падыходаў ЕЗ:

– Гэта ўжо прынцыпова новая праграма. Упершыню Еўразвяз будзе фінансаваць і падтрымліваць супрацу краін “Усходняга партнёрства” паміж сабой без удзелу еўрапейскага боку. Праграма прадугледжвае такія прыярытэты, як развіццё сацыяльнай інфраструктуры, стварэнне новых працоўных месцаў, з’яўленне пэўных тэхналогій у галіне сельскай гаспадаркі, падвышэнне турыстычнай інвестыцыйнай прывабнасці рэгіёну. Калі знойдуцца адказныя грамадскія сілы, што з беларускага боку, што з украінскага, яны атрымаюць падтрымку.

На развіццё транспамежнай супрацы ў краінах „Усходняга партнёрства” Еўразвяз выдаткоўвае каля 12,5 мільёнаў еўра. Праграма „Усходняе партнёрства” стартавала ў 2008 годзе, у ёй удзельнічаюць шэсць постсавецкіх дзяржаваў: Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель