Як катавалі беларусаў…
Даследуючы творчасць заходнебеларускіх літаратараў, у прыватнасці малавядомага паэта Нікіфара Жальбы (Аляксандра Бяленкі, 1898-1991), знайшоў у яго хрэстаматыйныя радкі, якія былі напісаны паэтам і апублікаваны ў 1937 годзе ў віленскім часопісе “Шлях моладзі”. Дзятлаўскі паэт тады пісаў:
Хай цвёрдую ў сэрцы надзею
Нясуць перамогі над злом.
Нас выбіць ніхто не здалее
Турмою, жалезам, агнём!..
Паэт найперш меў рацыю ў тым, што беларусаў у ХХ стагоддзі знішчалі і турмою, і жалезам, і агнём. Асабліва моцна, жорстка і страшна катавалі ў ХХ стагоддзі беларускіх палітыкаў, літаратараў, святароў, людзей культуры і навукі.
Актыўны дзеяч у Заходняй Беларусі, арганізатар гурткоў ТБШ у Слонімскім павеце, адказны рэдактар беларускай газеты «Наша праўда», удзельнік Другой сусветнай вайны, педагог, вязень польскіх і савецкіх лагераў Серафім Татарын (1903-1988) пры жыцці часта ўспамінаў, як у 1936 годзе, за тыдзень да вяселля, яго палякі арыштавалі трэці раз. Арыштавалі і пасадзілі ў Картуз-Бярозаўскі канцлагер, дзе рэжым быў надзвычай жорсткі. “Аднойчы, — часта ўспамінаў Серафім Лук’янавіч, — упрэглі мяне з двума палітзняволенымі замест коней у барану. Шляя, якую адзелі на нас, была з дроту, які балюча ўпіваўся ў цела. Пот, слёзы крыўды і нянавісці засцілалі вочы…”. Але Серафім Татарын выжыў, хаця потым прайшоў і сталінскія лагеры.
У 1920-х гадах на Слонімшчыне жылі паэты і грамадскія актывісты Леанід Клён (Леанід Бялькевіч, 1910-1931) і Уладзімір Бялько (1911-1933). Хлопцы выдавалі розныя беларускія пракламацыі, патрабавалі беларускіх школаў, што не падабалася польскай уладзе, пісалі вершы. Спачатку арыштавалі Леаніда Клёна, яго прывезлі ў Міжэвіцкі пастарунак паліцыі, а потым у Слонімскую дэфензіву. Там юнака моцна катавалі. Паліцыянты стараліся біць Леаніда так, каб яму моцна балела і нідзе не было відаць знакаў катаванняў. Яму клалі на грудзі дошку і па дошцы білі цяжкай жалезнай гірай. Вязень кашляў кроўю, а вонкавых прыкметаў пабояў не было бачна. А пасля выпусцілі дамоў, дзе ён хутка памёр.
Пазней дэфензіўшчыкі так зрабілі і з другім слонімскім юнаком-змагаром за беларускасць Уладзімірам Бялько (1911-1933). Ён выдаваў падпольную газету “Піянер”, пісаў вершы. Юнака з вёскі Мяльканавічы таксама катавалі падобным чынам у турме, а потым адправілі дамоў, дзе і ён хутка і памёр.
У 1920 годзе ў польскай турме сядзеў беларускі празаік і літаратуразнавец Адам Бабарэка (1899-1938). У 1920-х гадах у БССР ён быў адным з арганізатараў літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша”. Аднойчы ў лазні яго сябра па пяру Максім Лужанін убачыў на спіне Адама выразаную зорку. “Гэта мяне так катавалі ў польскай турме”, – сказаў Адам.
А вось са сталінскіх лагераў Адам Бабарэка вярнуцца не змог. Ён памёр у лагернай бальніцы ў кастрычніку 1938 года.
Вялікдзень 1946 года беларускі святар Серафім Жыровіцкі (Раман Шахмуць,1901-1946) сустрэў у сталінскіх лагерах вітаннем сваіх братоў па лагеры: “Хрыстос Уваскрос!..” — “Сапраўды ўваскрос!” — адказвалі зэкі. Пачуўшы гэтыя святыя словы, лагернае начальства пачало лютаваць. Яно схапіла Рамана Шахмуця і кінула яго ў карцар, дзе знаходзілася па пояс ледзяная вада. А потым прывязалі рукі і ногі да двух грузавікоў, якія раз’ехаліся ў розныя бакі, разарваўшы цела святара папалам. Так загінуў архімандрыт Серафім Жыровіцкі ў сакавіка 1946 года.
Аднаго з ідэолагаў і заснавальнікаў беларускага хрысціянскага руху XX стагоддзя, тэарэтыка і практыка беларускага ўніяцтва Фабіяна Абрантовіча (1884-1946) супрацоўнікі НКУС катавалі вельмі страшна. Архімандрыта абвінавачвалі ў шпіянажы на карысць Японіі. Язэп Германовіч пісаў, што да Фабіяна Абрантовіча бальшавікі прымянялі найвышэйшыя “нумары сваёй інквізіцыі”: заганялі іголкі пад пазногці, улівалі ваду ў лёгкія. Другі сведка Я.Бяляўскі прыгадваў, што Фабіяна Абрантовіча пастаянна катавалі, ён быў у непрытомнасці. Яму не дазвалялі спаць і адпачываць днём – з 9 гадзін вечара да 5 гадзін вялі допыты. Святара ў камеру кідалі, як які мяшок. Білі гумовымі дубінамі, ставілі на яго табурэткі і скакалі. Твар святара быў непазнавальны, вопратка была парваная, а барада – уся ў крыві.
Звесткі пра нечалавечыя адносіны да беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, гісторыка і каталіцкага святара Адама Станкевіча (1892-1949) вынес на волю адзін з яго сулагернікаў. Адама Станкевіча проста задушылі, а каб на сто працэнтаў упэўніцца, што ён нежывы, і каб яго не пазналі іншыя, – твар разбілі кувалдай. Пахаваны айцец Адам у Тайшэцкім раёне Іркуцкай вобласці (Расія).
Яшчэ адзін беларускі каталіцкі святар, душпастыр і педагог Андрэй Цікота (1891-1852) беспадстаўна быў абвінавачаны за шпіянаж на карысць Японіі і Ватыкану. З чэрвеня 1951 года ён адбываў пакаранне ў Тайшэце. Увесь гэты час святар быў цяжка хворы, а перад смерцю, паводле ўспамінаў іншых зняволеных, яго поўнасцю пазбавілі медыцынскай дапамогі.
Праваслаўны святар, царкоўны дзеяч, мітрапаліт Мельхіседэк (Міхаіл Паеўскі, 1878-1931) таксама зведаў сібірскія маразы. Ён, хворы на сухоты, карміў свіней і выкідаў з хлявоў гной. І загадкава, раптоўна памёр падчас службы ў маскоўскім Дарагамілаўскім саборы.
Трагічна ў сталінскіх лагерах расправіліся з беларускім драматургам і паэтам Васілём Шашалевічам (1897-1941). У лагерах для аматарскага тэатра ён напісаў п’есу на тэму лагернага жыцця, пастаўленую зняволенымі ў сталовай. Змест п’есы не спадабаўся лагернаму кіраўніцтву і яе аўтара, хворага на сухоты, адправілі на лесапавал, дзе ён праз непрацаздольнасць быў улікоўцам. Там на Васіля Шашалевіча наўмысна спусцілі бярозу, якая прыціснула яго да вогнішча. Пасля распілавання дрэва, моцна абгарэлага і пакалечанага, Васіля Шашалевіча перавезлі ў зону. Засталіся звесткі, што ў пісьменніка аж выцяклі вочы… Памёр ён у санітарнай часці.
Пасля некалькіх візітаў на допыты ў НКУС псіхічна захварэў таленавіты паэт Віктар Казлоўскі (1905-1975). Нават санітары ў псіхіятрычнай лякарні здавалася яму чэкістамі. Манія пераследу не пакідала яго да канца жыцця. Пасля 1936 года ён не напісаў ніводнага радка, хаця ў 1932 годзе выдаў два зборнікі цудоўных вершаў “Слова аб юнай краіне” і “Музыка працы”, а таксама выдатную паэму “Рахіль”.
Пра смерць грамадскага дзеяча і паэта, аўтара гімна “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” Макара Краўцова (1891-1939) , як піша гісторык Уладзімір Арлоў, даведаліся яго землякі з вёскі Баброўня Гарадзенскага раёна ад аднаго чалавека. Гэты чалавек неяк завітаў да землякоў Краўцова і расказаў, што разам з ім сядзеў у турме ў Беластоку. Ён распавёў вяскоўцам, што Макара страшна катавалі на допытах і гэтых катаванняў ён не вытрымаў.
Некалькі разоў арыштоўваўся беларускі прафесар кінамастацтва, паэт і крытык Паўлюк Шукайла (1904-1939) органамі НКУС. Яго моцна і здзекліва білі, а потым выпусцілі на волю ўжо інвалідам са зламаным хрыбетнікам. Трэці раз арыштавалі, як бамжа, і расстралялі.
Трагічна скончылася жыццё і паэта Уладзіміра Хадыкі (1905-1942). У адным з лагераў у каменалоўлі, дзе ён працаваў як катаржанін, яго прыдушыла каменная глыба…
Гэты спіс закатаваных беларусаў і тых, каго катавалі ў ХХ стагоддзі, можна працягваць бясконца. Прыйдзе час і мы даведаемся пра многіх катаў нашага народа. А сёння пакуль толькі прыгадваюцца радкі Уладзіміра Жылкі:
І туга мая – з ветрам у полі,
Мая смага – гаючай крыніцы:
Няхай будзе і праўда, і воля,
Твая воля на роднай зямліцы!
Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя
[Not a valid template]
- Леанід Клён
- Адам Бабарэка
- Серафім Жыровіцкі
- Фабіян абрантовіч
- Адам Станкевіч
- Андрэй Цікота
- Мельхіседэк
- Васіль Шашалевіч
- Віктар Казлоўскі
- Макар Краўцоў
- Паўлюк Шукайла
- Уладзімір Хадыка