Працягваецца разгляд справы Эдуарда Пальчыса (абноўлена)



З 10-й гадзіны ў Менскім гарадскім судзе ідзе разгляд справы Эдуарда Пальчыса. Працэс па-ранейшаму закрыты. Ні журналістаў, ні сваякоў блогера ў судовую залу не пускаюць. Пад вокнамі суда ўжо чацвёрты дзень запар трывае пікет салідарнасці.

“Стоячы некалькі дзён на марозе, разумееш, што гэты суд праходзіць на фоне пацяплення адносінаў з Захадам,” – гаворыць сустаршыня БХД Павел Севярынец:

– Тут, паводле мяне, усё залежыць ад таго, хто дасць крэдыт. Калі Расея – тады Пальчыса пасадзяць надоўга. Калі МВФ – тады яго хутка вызваляць. Але грошай, хутчэй за ўсё, ніхто даваць не будзе, таму працэс, думаю, будзе зацягвацца.

Слуханне крымінальнай справы Эдуарда Пальчыса, вядомага пад псеўданімам Джон Сільвер, пачалося 14-га кастрычніка. 25-гадовага блогера абвінавачваюць у распальванні варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці, а таксама ў вырабе і распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў. Праваабарончыя арганізацыі прызналі Эдуарда Пальчыса палітычным зняволеным.

* * *

Ля сцен Менскага гарадскога суда 18 кастрычніка ў трэці раз праходзіць акцыя салідарнасці з блогерам Эдуардам Пальчысам, працэс над якім ідзе ў закрытым рэжыме, паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.

14 і 17 кастрычніка, а таксама сёння актывісты розных апазіцыйных арганізацый прыходзяць да будынка суда з партрэтамі Пальчыса і бел-чырвона-белымі сцягамі, каб выказаць падтрымку блогеру. Супрацоўнікі міліцыі лічаць акцыю незаконнай, складаючы ў дачыненні да яе ўдзельнікаў пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Сёння, паведаміў Севярынец, пратаколы ўжо складзеныя ў дачыненні да яго самога, Максіма Вінярскага, Юліі Фраловай, Сяргея Стрыбульскага і Алеся Макаева.

Адзначым, для Севярынца і Макаева гэта ўжо трэці адміністрацыйны пратакол, складзены за ўдзел у акцыі падтрымкі Пальчыса.

„Будзем стаяць, пакуль ідзе суд. Наша задача, каб Эдуард нас пачуў. У нас ёсць інфармацыя, што ў пятніцу ён чуў нашы лозунгі. У зале суда ў яго няма падтрымкі, таму хаця б такая для яго вельмі важная”, — заявіў Севярынец.

Дваццаціпяцігадовы рэдактар сайта 1863x.com Эдуард Пальчыс, вядомы як Джон Сільвер, абвінавачваецца ў распальванні варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130 КК), а таксама ў вырабе і распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару (арт. 343 КК).

У канцы жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска адбыўся грамадзянскі працэс аб прызнанні экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай на сайце 1863x.com. Гэтыя слуханні таксама праходзілі ў закрытым рэжыме.

Сайт 1863x.com быў створаны прыблізна два гады таму. На ім публікаваліся палітычныя тэксты, прычым нярэдка з крытыкай уладаў Беларусі і Расіі. Стваральнік рэсурсу вёў яе на ўмовах поўнай ананімнасці. Адзіным сродкам сувязі з рэдактарам быў інтэрнэт, з дапамогай якога ён меў зносіны з аўтарамі і даваў інтэрв’ю.

Прадстаўнікі дэмакратычных сіл і праваабаронцы Беларусі лічаць крымінальную справу блогера палітычнай. 5 кастрычніка шэсць беларускіх арганізацый, уключаючы Беларускую асацыяцыю журналістаў, выступілі з сумеснай заявай, у якой прызналі Пальчыса палітычным вязнем. Паводле іх ацэнкі, публікацыі, за якія судзяць Пальчыса, з’яўляюцца „не больш чым аўтарскім меркаваннем аўтара на шэраг гістарычных падзей і фактаў” і „не ўтрымліваюць доказаў распальвання вайны, гвалту або нянавісці, не ўяўляюць пагрозы для нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку або здароўя і маральнасці грамадства”.