Нападніку на пікет Губарэвіча далі тры месяцы турмы
Першамайскі суд Менску вынес прысуд 27-гадоваму Аляксандру Свірыду, які ў ліпені напаў на Аляксандра Русевіча, збіральніка подпісаў за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Юрася Губарэвіча.
Свірыда прызналі вінаватым паводле артыкула 339 ч. 1 (хуліганства). Прысудзілі 3 месяцы турэмнага арышту.
* * *
Пракурор запатрабаваў 3 месяцы арышту для нападніка на перадвыбарчы пікет Юрася Губарэвіча. У Першамайскім раённым судзе г. Менска адбываецца разгляд крымінальнай справы па факце гвалту. Падсудным апынуўся раней судзімы Аляксандр Свірыд. У час агітацыйнай кампаніі Свірыд у нецвярозым стане дачапіўся да ўдзельніка агітацыйнага пікета Аляксандра Русевіча за бел-чырвона-белы сцяг, пасля чаго нанес некалькі ўдараў пацярпеламу. “Мяркую, што суд мусіць вынесці жорсткі прысуд за гвалтоўны напад на апазыцыйны пікет,” – гаворыць старшыня Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч.
– Ад гэтага будзе залежыць, ці будзе сігнал дасланы прыхільнікам і дзеючага рэжыму, і “рускага міра”, якія дазваляюць сабе агрэсіўныя выпады ў бок іншадумцаў у Беларусі. Калі пакаранне будзе занадта мяккім, гэта будзе азначаць, што зноў-такі апазіцыя знаходзіцца па-за законам, яе можна беспакарана абражаць, збіваць і нічога зламыснікам за гэта не будзе.
“У звычайнай практыцы беларускі суд выносіць строгія пакаранні за падобныя выпадкі гвалту,” – дадаў Юрась Губарэвіч. Нападнік, як высветлілася, мае 9 класаў адукацыі, з непаўнагадовага ўзросту прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, а таксама мае алкагольную і наркатычную залежнасці. Пацярпелы, спадар Русевіч, запрасіў 500 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды. У апошнім слове, Свірыд папрасіў суд паблажліва паставіцца да яго і прынёс прабачэнні пацярпеламу.
Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя