Наталля Радзіна: Анджэй Вайда верыў у вольную Беларусь



У сераду, 19 кастрычніка, Анджэя Вайду пахаваюць на Сальваторскіх могілках у Кракаве. Пахаванне будзе мець прыватны характар.

wajda

За сваё жыццё Анджэй Вайда зняў дзясяткі фільмаў, сярод якіх найбольш вядомыя «Канал», «Попел і дыямент», «Усё на продаж», «Пілат і іншыя», «Чалавек з мармуру», «Чалавек з жалеза», «Без анестэзіі», «Паненкі з Вілька», «Дантон», «Бесы», «Пан Тадэвуш», «Катынь», «Валенса: чалавек з надзеі». Анджэй Вайда быў не толькі геніяльным рэжысёрам, але і палітычна актыўным чалавекам, які, сярод іншага, падтрымліваў змаганне за свабоду і незалежнасць Беларусі, узгадвае галоўная рэдактарка “Хартыі’97” Наталля Радзіна.

Наталля Радзіна: Найперш, гэта сусветна вядомы рэжысёр, і для Беларусі ён таксама з’яўляецца такой асобай. Шмат беларусаў глядзелі фільмы Анджэя Вайды, раслі на іх, адукоўваліся, выхоўваліся, і для нас ён, па-першае, кумір.

Па-другое, гэта быў чалавек, які вельмі ўважліва ставіўся да сітуацыі ў Беларусі. Для Анджэя Вайды было важна ўсё, што звязана з нашым краем. І тое, што ў краіне дыктатура, і тое, што ў турмах палітвязні, і тое, што няма свабоды слова, свабодных выбараў.

У першыя гады, як толькі сайт “Хартыі’97” – у замежжы, у Варшаве мы адразу звязаліся з Анджэем Вайдам, і ён адразу пайшоў нам насустрач.

РР: Ён завітваў да Вас на офіс?

Наталля Радзіна: І не адзін раз. Хаця ў гэты час ён ужо цяжка хварэў, яму было цяжка перасоўвацца, ён ужо хадзіў на мыліцах, але прыязджаў ён да нас некалькі разоў. Першы раз ён сустрэўся з былымі палітвязнямі, іх роднымі, журналістамі сайта “Хартыі’97”. Мы размаўлялі гадзіны 2-2,5. Ён шмат распавядаў пра свае фільмы: як ён здымаў, як яму жылося ў часы ПНР, як польскае падполле змагалася з камуністычнай уладай, шмат цікавіўся палітвязнямі (а тады ў Беларусі ў турмах знаходзіліся дзясяткі людзей), выказваў ім падтрымку, глядзеў відэа з Плошчы 19 снежня 2010 года і заўсёды казаў, што Беларусь будзе вольная, што ён у гэта верыць. Потым у 2014 годзе ён уручаў прэмію “Хартыі’97” у 2014 годзе, і таксама ён не вельмі добра пачуваўся, але з задавальненнем прыехаў. Я толькі патэлефанавала, і ён адразу сказаў: “Вядома, я буду.” І ён уручаў прэмію “Хартыі’97” – Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча для Беларускага свабоднага тэатра. Ён тады шмат казаў пра тое, што мастак не павінен аддзяляць сябе ад лёсу сваёй краіны. І гэта важны момант. Вайда на самой справе быў геніяльны рэжысёр, які ніколі не адрываўся ад жыцця.

РР: Як Анджэй Вайда гаварыў пра Беларусь? Вядома, што апошні яго фільм быў зняты пра Уладзіслава Страмінскага – чалавека, які нарадзіўся ў Менску, працаваў у Вялейцы. Ці адчуваліся сентыменты да Беларусі?

Наталля Радзіна: Так, адчувалася вялікая павага да беларусаў. Хто ведае Польшчу, той ведае, што гэта дарагога варта. Адчувалася павага да людзей, якія змагаюцца за свабоду ў Беларусі, пашана да гэтых людзей, вялікая цікавасць да сітуацыі, да беларускай культуры. Ніколі я не чула ад Анджэя Вайды, што вось там, палова Беларусі – гэта Польшча. Ніколі такога не было. Ён заўсёды казаў: “Беларусы – гэта нацыя, вы павінны быць свабодныя. Беларусь павінна быць у Еўропе, бо ў Беларусі еўрапейскі лёс.” Анджэй Вайда разумеў пагрозы, якія сыходзяць для Беларусі ад Расеі, ведаў, што Лукашэнка – гэта марыянетка Крамля, і казаў пра тое, што наш шлях – у Еўропу, і трэба туды крочыць.       

Анджэй Вайда быў сусветна прызнаным геніем. Рэжысёр атрымаў «Оскара» і «Пальмавую галіну» ў Канах,  таксама на прэмію “Оскар” высунуты апошні фільм Вайды “Павідокі”, галоўны герой якога – мастак Уладзіслаў Страмінскі – мае непасрэднае дачыненне да Беларусі. Анджэй Вайда вельмі цікавіўся нашай краінай. Апроч супрацы з “Хартыяй’97”, рэжысёр таксама сустракаўся з вучнямі беларускамоўнага Ліцэя імя Якуба Коласа.

Гутарыў Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя