Знайшоўся архіў камандзіра беларускіх „лясных братоў”



Нават у наш час здараюцца гістарычныя адкрыцці. У рукі краязнаўцы з Барысава трапіў архіў аднога з лідараў пасляваеннага антысавецкага супраціву Івана Раманчука.

iramancuk1

На фота атаман Іван Раманчук у зняволенні, 1959 год. Фота з архіва сям’і Раманчукоў

Распавядае Андрэй Цісецкі:

– Трапіў да мяне цікавы архіў Рамана Раманчука – гэта быў адзін з прататыпаў банды Боўбеля-Куляша ў “Замку Альшанскім”. Ён стварыў арганізацыю “Саюз барацьбы за незалежную Беларусь” і ўзначаліў яе. Гэта падпольная анысавецкая арганізацыя была ліквідаваная толькі ў 1949 годзе. Калі яго выпусцілі, ён пасяліўся ў Барысаве. Калі хату ягоную знасілі, то хлопцы, якія гэтым займаліся, зразумелі, што ягоная перапіска мае нейкую каштоўнасць. Яны аднаму майму знаёмаму гэта ўсё аддалі, а той знаёмы перадаў мне.

Іван Раманчук, седзячы ў мардоўскіх лагерах, у 1963-м годзе пісаў петыцыю ў Міністэрства культуры БССР, каб на стагоддзе паўстання Кастуся Каліноўскага ў Менску ўсталявалі помнік яго кіраўніку. На што атрымаў афіцыйны адказ: “Гэтае пытанне пакуль не разглядаецца”.

2e513d5d45dc20452a331caed370f935

Іван Раманчук (псэўд. „Ястраб”; 1920, вёска Баяры, цяпер Нясьвіскі раён — 1987, Барысаў) — педагог, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў узброенага антысавецкага падполля.

З лістапада 1941 па ліпень 1942 працаваў настаўнікам пачатковай школы ў вёсцы Еськавічы (цяпер Нясвіжскі раён), потым інструктарам Нясвіжскага раённага аддзелу Беларускай народнай самапомачы. З канца 1943 да сакавіка 1944 году працаваў кіраўніком Беларускага дома культуры ў Нясвіжы.

У верасьні 1944 пад пагрозай арышту перайшоў на нелегальнае становішча, хаваўся ў лясах Нясвіжскага раёну. У 1946 Раманчук пачынае стварэнне падпольнае арганізацыі „Саюз змагання за незалежнасць Беларусі”, а ў 1947 арганізоўвае невялікую партызанскую групу з вялікаю сеткаю сувязных. У траўні або ўлетку 1949 на хутары ў Нясвіжскім раёне савецкія атрады акружылі атрад Раманчука з сямью партызанамі. Пасля зацятага бою чатыры хлопцы застрэліліся. Трое, у тым ліку Раманчук, былі паранены і схоплены.

На допытах Раманчук вёў сябе вельмі мужна. Размаўляў са следчымі па-беларуску і толькі ў прысутнасці перакладчыка. У ходзе следства Раманчуку інкрымінавалася таксама стварэнне „Саюза змагання за незалежнасць Беларусі”, распрацоўка яго статуту і праграмы, а таксама прыцягненне ў шэрагі арганізацыі больш за 40 чалавек.

Ад расстрэлу Івана Раманчука выратаваў тагачасны мараторый на смяротную кару ў СССР. Суд прысудзіў яму 25 гадоў, якія Раманчук поўнасцю адседзеў у Варкуце і ў Мардоўскіх канцлагерах. У Беларусь вярнуўся ў 1970-я. Жыў у Барысаве, стварыў сям’ю. Памёр у 1987 годзе падчас аперацыі ў шпіталі. Не рэабілітаваны.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя