Беларускамоўная песня трапіла ў эфір расейскага тэлеканала



Выпадак унікальны. Вядучы музычны канал Russian MusicBox узяў у ратацыю кліп спевака Рэя на песню «Бывай.by».

vbbvnbn

Спявак Рэй, у адрозненні ад большасці беларускіх артыстаў, якія прыязджаюць працаваць у Маскву, на беларускую тэматыку не забыўся. На адным з тэлеэфіраў ён апрануў майку з нацыянальным арнаментам, а таксама запісаў беларускамоўны сінгл, на які і быў зняты кліп. У інтэрв’ю Tuzin.fm Рэй сказаў, што з дапамогай гэтага відэа хоча пазнаёміць замежных слухачоў з беларускай мовай і сімволікай.

У гісторыі тэлеканала Russian MusicBox гэта першы выпадак, калі ў эфіры паказаны ролік на беларускай мове. Ды і наогул наша мова ў расейскай медыя-прасторы з’ява досыць рэдкая. Па звестках маскоўскай студыі «Союз», якая мае кантракт з Рэем, кліп на песню «Бывай.by» на сёння адзінае музычнае відэа на беларускай мове, якое ратуецца на тэрыторыі краінаў СНД.

Рэй працягвае працаваць у гэтым кірунку. Нядаўна ён прадставіў лірык-відэа да ўласнага кавэру на «Калыханку», які ўхваліў аўтар музыкі Дзьмітры Яўтуховіч.

У кастрычніку беларускі артыст справіў 29-годдзе ды скончыў гастрольны тур па 16 расейскіх гарадах. 17 лістапада ён возьме ўдзел у музычнай прэміі Russian MusicBox у якасці запрошанага госця.

tuzin.fm