Удалы старт „Цмокаў”



У першым матчы Кубку ФІБА-Еўропа «Цмокі» прымалі літоўскі «Шаўляй». Літоўская каманда ў гэтае міжсезонне значна амаладзіла склад, з-за чаго «Цмокі» лічыліся відавочным фаварытам сустрэчы. Аднак па выніках першай чвэрці «Цмокі» выйгравалі з розніцай толькі адно ачко. Як і ў папярэдніх матчах, ужо за першую чвэрць Ігар Грышчук выпусціў практычна ўсіх гульцоў. Лепшым стаў Аляксандр Кудраўцаў, які набраў 8 ачкоў. Пачатак другой чвэрці ня задаўся: «Шаўляй» закінуў некалькі мячоў і выйшаў наперад. Розніца ў ліку дасягнула 5 ачкоў, але дакладнымі кідкамі Грэя «Цмокі» вярнуліся ў гульню і ўжо да вялікага перапынку зноў выйшлі наперад з досыць камфортным адрывам – 46:38. Пасля перапынку «Цмокі» працягнулі павялічваць перавагу. Аднак у заключнай чвэрці лёгкай гульні не атрымалася. «Шаўляй» паступова памяншаў адлегласць паміж камандамі, закідваў здалёк і за 2 хвіліны да канца зрабіў «-6». На шчасце, упэўненыя трохачковыя кідкі Дру Джойса дазволілі выйграць канцоўку і ўвесь матч – 86:71.

Беларускае Радыё Рацыя