Актывіста Руху “За свабоду” пакаралі штрафам



Актывіста Руху “За свабоду” Аляксандра Мендзеля аштрафавалі на 30 базавых велічынь. Суд Першамайскага раёна прызнаў актывіста вінаватым у распаўсюдзе друкаваных матэрыялаў без выходных дадзеных. Раней Мендзель быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі за раздачу інфармацыйнага бюлетэня кандыдата ў дэпутаты па 108-й Каліноўскай акрузе Юрася Губарэвіча. “Яшчэ на мінулым тыдні Мендзеля затрымалі і звыш таго 6 гадзін пратрымалі ў міліцыі,” – гаворыць старшыня Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч.

Па факце нібыта парушэння заканадаўства аб СМІ, а менавіта выраб і распаўсюд перыядычных сродкаў масавай інфармацыі. Аднак гэта поўная бздура, бо рэальна гэтая ўлётка не мела ніякіх прыкметаў перыядычнасці. Яна была выраблена як разавае інфармацыйнае выданне і была прысвечана толькі адной праблеме – вынікам выбараў і агульнай сітуацыі на 108-й Каліноўскай выбарчай акрузе ў Менску.

“Такія працэсы яшчэ раз паказваюць, што ў краіне дагэтуль не існуе празрыстага і спарвядлівага суда,” – дадаў Юрась Губарэвіч. Палітык падкрэсліў, што вынік судовага паседжання падкрэслівае новую спробу “задавіць” ініцыятыву і актывістаў пасля выбараў.

Пасля судовага паседжання Губарэвіч раздаў некалькі дзясяткаў асобнікаў “забароненага” бюлетэня ў будынку суда і непасрэдна каля яго на знак пратэсту. Аляксандр Мендзель збіраецца падаць скаргу на судовае рашэнне.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск