ТБМ просіць Андрэйчанку весці пасяджэнні на беларускай мове
Кіраўніцтва Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны звярнулася да старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі з прапановай актыўна выкарыстоўваць беларускую мову ў беларускім парламенце. Старшыня ТБМ Алег Трусаў спадзяецца на хуткі і станоўчы адказ, тым больш што першыя прапановы беларускаму парламенту былі падтрыманы.
– Наш прадстаўнік у парламенце ёсць. Журналісты з гэтай нагоды пытаюцца, што наш прадстаўнік там будзе рабіць. Першы ліст мы накіравалі, каб павялічылі грошы на культуру і, дарэчы, нашую просьбу выканалі. Упершыню павялічылі. Праўда, не на 2%, як мы хацелі, але тым не менш спынілі паніжэнне фінансавання. Ну а зараз павіншавалі спадара Андрэйчанку, і прапанавалі, каб усё ж такі парламент хоця б фармальна быў беларускім, каб законы пісаліся адразу на дзвух мовах і каб Андрэйчанка вёў паседжанні па-беларуску.
Раней намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім аднымі са сваіх галоўных задач у якасці дэпутата беларускага парламента назвала змяненні ў закон „Аб мовах” і прыняцце закона „Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы”.
* * *
Грамадскае аб’яднанне „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” просіць старшыню Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанку весці ўсе пасяджэнні парламента на беларускай мове. Пра гэта гаворыцца ў лісце, накіраваным Андрэйчанку старшынёй ТБМ Алегам Трусавым.
„Мы ведаем вас як беларускага патрыёта, які шануе нашу мову, гісторыю і культуру, — гаворыцца ў лісце. — Мы не сумняваемся, што вы падзяляеце наступнае выказванне кіраўніка нашай дзяржавы: „Мы — нацыя, а ў кожнай нацыі ёсць свае прыкметы. І галоўнае акрамя тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэннасці — гэта мова”. У сувязі з гэтым просім Вас весці ўсе пасяджэнні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў на дзяржаўнай беларускай мове”.
На думку Трусава, было б добра, каб дэпутаты атрымлівалі адразу ўсе законапраекты ў адпаведнасці з Канстытуцыяй на дзвюх дзяржаўных мовах і прымалі іх адначасова.
„Такім чынам мы ўмацуем аўтарытэт нашага парламента, што паспрыяе павышэнню яго іміджу як у нашай краіне, так і за мяжой”, — гаворыцца ў лісце.
ТБМ таксама прапануе стварыць на Першым канале Беларускага тэлебачання пастаянную праграму „Парламенцкая гадзіна”, якую „з цікавасцю будуць глядзець усе выбаршчыкі, каб ведаць, што канкрэтна робяць іх абраннікі ў Палаце прадстаўнікоў і як бароняць іх інтарэсы”.
Варта адзначыць, што намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім абраная дэпутатам Палаты прадстаўнікоў 6-га склікання.