Гарадзенскі парк Жылібера на два дні стаў сырным горадам
На час сырнага фэсту, што адбываецца ў Гародні, парк Жылібера пераўтварыўся ў сырны горад. Прадстаўнікі розных прадпрыемстваў, што вырабляюць сыр па ўсёй Беларусі, прадставілі сваю прадукцыю.
Гурманы маглі паласавацца рознымі гатункамі сыру, а для людзей, што цікавяцца гісторыяй стварэння гэтага прадукта, можна было ўбачыць старэнькіх бабулек, што паказвалі як у даўнія часы займаліся вытворчасцю сыра. Кожнае прадпрыемства паказала адметнасці сваёй вытворчасці. Пра фэст распавядае генеральны дырэктар гарадзенскага “Малочнага Свету” Марына Анікеева:
– У гэтага свята ёсць мэта – папулярызаваць вытворчасць сыру і культуру яго ўжывання. Мы хочам, каб нашыя людзі як мага больш пра гэта ведалі. Каб яны ведалі, пра дасягненні Беларусі ў вытворчасці сыру. Мы – прафесіяналы, займаемся гэтым даўно. Крыўдна, калі ў нас гавораць: “Вось у Еўропе – гэта сыры!” У нашай рэспубліцы таксама ёсць добрая традыцыя ў сыраробстве.
Забаўлялі на свяце розныя музычныя гурты, а для тых, хто цікавіцца рэтратранспартам, была прадстаўлена выстава розных старых савецкіх аўтамабіляў.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня