Расея і Беларусь адмовіліся ад аб’яднання МАЗа і «КамАЗа»
Праца па аб’яднанні беларускага аўтамабілебудаўнічага канцэрна МАЗ з расейскім «КамАЗам» спыненая. Пра гэта паведаміў старшыня праўлення Банка развіцця Беларусі Сяргей Румас у кулуарах форуму ў Вероне, перадае Rambler News Service.
«Наколькі я магу судзіць, праца па аб’яднанні МАЗа і „КамАЗа „не знаходзіцца ў актыўнай фазе і практычна згорнутая», – сказаў ён.
У пачатку красавіка стала вядома, што Беларусь і Расея вырашылі прыпыніць працу па інтэграцыйным праекце МАЗ – «КамАЗ».
Перамовы аб зліцці прадпрыемстваў вяліся на працягу апошніх чатырох гадоў. Аб’яднанне беларускага і расейскага заводаў было анансавана яшчэ ў 2011 годзе, у 2012-м бакі ўзгаднілі некалькі інтэграцыйных праектаў, уключаючы гэты.
Ініцыятарам выступала дзяржкарпарацыя «Растэхналогіі» (у цяперашні час перайменаваная ў «Ростех»), якая прапанавала кіраўніцтву Беларусі аб’яднаць дзве кампаніі ў адну, у выніку чаго «КамАЗ» павінен быў стаць уладальнікам 100 адсоткаў акцый МАЗа, а ўлады Беларусі павінны былі атрымаць пакет акцый расейскага аўтавытворцы. Аднак першы віцэ-прэм’ер беларускага ўрада Уладзімір Сямашка заявіў, што яго краіна не мае намеру аддаваць больш за 49 адсоткаў МАЗа.
Тады Масква прапанавала стварыць сумеснае прадпрыемства «Расбелаўта» на базе МАЗа і «КамАЗа». У чэрвені 2012 года Сямашка паведаміў, што Беларусь перадасць 75 адсоткаў мінус адна акцыя МАЗа ў сумеснае прадпрыемства з расейскім «КамАЗам». Расейская кампанія, у сваю чаргу, павінна была перадаць у СП 49,9% сваіх акцый. Аднак праект так і не быў рэалізаваны.
Фота РИА Новости