Аляксандр Класкоўскі: Менск будзе вымушаны прыняць умовы МВФ



Перамовы беларускіх уладаў з Міжнародным валютным фондам аб выдзяленні чарговага крэдыта пакуль зайшлі ў тупік. На ўсе патрабаванні банкіраў Аляксандр Лукашэнка пайсці не можа. Але самыя непапулярныя меры, як, напрыклад, паступовае павышэнне коштаў на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва, усё ж прымаюцца, – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

– Баіцца кіраўніцтва, што расхістаецца сістэма. Такім чынам гэтыя свае фобіі Лукашэнка адкрытым тэкстам прагаварыў, калі ладзіў нараду ў пытанні дачыненняў з МВФ, але разам з тым ва ўсіх гэтых развагах, што мы не дадзім абрабаваць народ – шмат папулізму і піяру. Цішком беларускія ўлады робяць гэтыя непапулярныя крокі. І паколькі грошы ад МВФ да зарэзу патрэбныя, то я думаю, што ў значнай ступені Менск без шуму і пылу пойдзе ўсё ж такі на саступкі МВФ.

Іншая справа, што грошы ад МВФ без сапраўднай палітычнай волі да эканамічных рэформаў зноў могуць быць змарнаваныя і выкарыстаныя для затыкання дзіраў у беларускім бюджэце, – дадае Класкоўскі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя