12 прыгожых шахматыстак, на якіх хочуць адзець хіджаб
У спартовым свеце чарговы скандал. Арганізатары чэмпіянату свету па шахматах сярод жанчын, які пройдзе ў лютым 2017 году ў сталіцы Ірана – Тэгеране – абавязалі ўдзельніцаў гэтых спаборніцтваў, насіць хіджабы. Гэта зроблена для таго, каб выканаць строгія ісламскія законы, якія дзеюць у Іране. З іншага боку праваабаронцы рэзонна адзначаюць, што такое рашэнне ФІДЭ (міжнароднай федэрацыі шахмат) супярэчыць асноўным правам чалавека і незаконна дыскрымінуе шахматыстак. Адкрыта выступіць супраць абавязковага нашэння хіджабаў у час чэмпіянату наважылася пакуль толькі прадстаўніца ЗША Назі Паікідзэ-Барнс. Шахматыстка заявіла, што гатовая нават прапусціць гэтае першынства ў азіяцкай краіне. Створана адмысловая петыцыя з прапановай адмяніць гэтае скандальнае рашэнне, альбо перанесці чэмпіянат у іншую краіну. З іншага боку мацнейшая беларуская шахматыстка Настасся Зязюлькіна ў каментары “Нашай Ніве” нібыта выявіла гатовасць апрануць хіджаб у час чэмпіянату.
Трэба заўважыць, што насуперак стэрэатыпу ўяўленняў сярод эліты сучасных шахмат пераважаюць маладыя жанчыны і дзяўчаты, сярод якіх дастаткова эфектных прадстаўніц “слабой паловы чалавецтва”. Беларускае Радыё Рацыя прапаноўвае сваю версію дванаццаці найбольш сімпатычных прадстаўніц шахматнай эліты, а таксама прадстаўляе іх спартовыя дасягненні. Зважаючы на вялікую ўмоўнасць такога топу, прадстаўляем таленты найбольш старажытнай інтэлектуальнай гульні ў парадку іхнага афіцыйнага рэйтынгу.
Хоу Іфань (Кітай), 22 гады. 1-ы нумар сусветнага рэйтынгу. Чатырохразовая чэмпіёнка свету (2010, 2011, 2013, 2016), трохразовая пераможца жаночых камандавых чэмпіянатаў свету ў складзе дружыны Кітаю.
Аляксандра Касцянюк (Расея), 32 гады, 6-ы нумар сусветнага рэйтынгу. Чэмпіёнка свету з верасня 2008-га па снежань 2010-га, чэмпіёнка Еўропы (2004), трохразовая пераможца шахматнай алімпіяды ў камандавым першынстве.
Марыя Музычук (Україна), 24 гады, 8-ы нумар сусветнага рэйтынгу. Чэмпіёнка свету 2015 году. Пераможца жаночых камандавых чэмпіянатаў свету і Еўропы 2013 году.
Наталля Пагоніна (Расея), 31 год, 16-ы нумар сусветнага рэйтынгу. Віцэ-чэмпіёнка свету 2015 году, пераможца шахматнай алімпіяды ў камандавым першынстве (2012), чэмпіёнка Еўропы (2011).
Ніно Баціяшвілі (Грузія), 29 гадоў, 18-ы нумар сусветнага рэйтынгу. Чэмпіёнка Грузіі, пераможца камандавага першынства 2015 году, віцэ-чэмпіёнка Еўропы (2015).
Альміра Скрыпчанка (Францыя), 40 гадоў, 30-ы нумар сусветнага рэйтынгу. Раней выступала за Малдову. Шматразовая чэмпіёнка Малдовы і Францыі, чэмпіёнка Еўропы (2001). Была замужам за ведамым французскім гросмайстарам Жаэлем Лацье, потым развялася, выйшла замуж за іншага шахматыста Ларана Фрэсіне.
Ганна Затонскіх (ЗША), 38 гадоў, 34-і нумар сусветнага рэйтынгу. Нараджэнка Ўкраіны, удзельніца ў яе складзе ў двух сусветных алімпіядах, удзельніца адной алімпіяды ў складзе дружыны ЗША. Замужам за нямецкім гросмайстарам Даніэлем Фрыдманам.
Ліліт Мкртычан (Арменія), 34 гады, 39-ы нумар сусветнага рэйтынгу. Чатырохразовая чэмпіёнка Арменіі, пераможца камандавага чэмпіянату Еўропы (2003).
Карына Шчэпкоўска-Гароўска (Польшча), 28 гадоў. 83-і нумар сусветнага рэйтынгу. Сярэбраная і двухразовая бронзавая прызёрка чэмпіянату Польшчы.
Настасся Зязюлькіна (Беларусь), 83-і нумар сусветнага рэйтынгу. Чатырохразовая чэмпіёнка Беларусі. Двухразовая чэмпіёнка свету сярод дзяўчат да 16-ці гадоў (2010, 2011).
Сафіко Гурамішвілі (Грузія), 25 гадоў, 97-ы нумар сусветнага рэйтынгу. Уваходзіць у зборную Грузіі. Замужам за Анішам Гіры, нідэрляндскім гросмайстарам непала-расейскага паходжання.
Назі Паікідзэ-Барнс (ЗША), 22 гады, 98-ы нумар сусветнага рэйтынгу. Нарадзілася ў Іркуцку ў грузінскай сям’і, жыла ў Грузіі, у складзе зборнай Грузіі была прызёркай камандавага чэмпіянату Еўропы. Зараз выступае за ЗША.
Беларускае Радыё Рацыя, фота з вольнага сеціва