Славамір Адамовіч: Беларусам добра прамылі мазгі



Паэт і грамадскі дзеяч Славамір Адамовіч распавядае пра тое, чаму ў краіне існуюць ненавісніцкія да ўсяго беларускага настроі.

Славамір Адамовіч

Гісторыя з рыэлтарам Аляксандрам Гарашчэнем, які ў сацыяльных сетках абразіў Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, назваўшы апошняга „нацысцкай свалатой”, як вядома, мела шырокі грамадскі рэзананс. Гэтая гісторыя – прыватны выпадак ці сацыяльная з’ява?

Славамір Адамовіч: Па-першае, тое, што грамадства знаходзіць і паказвае такія рэчы — гэта вартая справа. Такія індывіды, як Гарашчэня, не сёння з’явіліся, і іх шмат, бо ўжо 22 гады праводзіцца па сутнасці антыбеларуская палітыка. Мяркую, ніякіх тут перабольшванняў няма. І гэта не толькі мая радыкальная пазіцыя, але ж многія бачаць, якую ўлады праводзілі палітыку ў дачыненні да ўсяго нацыянальнага, да роднай мовы. Да таго ж, у Беларусі актыўна працягвае дзейнічаць расейская прапаганда, якая таксама прамывае беларусам мазгі. Таму гэта, безумоўна, не прыватны выпадак.

РР: Беларускае грамадства падзелена па гэтай лініі?

Славамір Адамовіч: У пэўнай ступені – так, бо ёсць людзі, якія стаяць на адных пазіцыях, і ёсць іх апаненты. І, паўтаруся, расейская прапаганда сёння – гэта, магчыма, асноўны чыннік такога падзелу. Ідзе так званая гібрыдная вайна – вайна ідэй і прапагандаў. І вось тут беларуская ўлада займае, можна сказаць, ніякую пазіцыю. Таму і з’яўляюцца такія абразлівыя выказванні людзей, якія ўпэўнены, што дзяржава іх не будзе пераследаваць за адкрытую антыбеларускую пазіцыю, што яны кажуць усё правільна. І абражаюць не нейкія там невукі, а адукаваныя людзі. Такія ў іх галаве ўжо склаліся перакананні. 

РР: Як думаеце, пасля грамадскага рэзанансу ці можна такіх людзей пераканаць, што яны робяць няправільна ці гэта дарэмная справа?

Славамір Адамовіч: Думаю, у гэтым выпадку мы пачулі пазіцыю цалкам сфармаванага чалавека, якога ўжо нельга перавыхаваць. Тут лепш працаваць на прафілактыку.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя