У Менску судзяць уладальніка «Мотавела» Аляксандра Мураўёва



У судзе Фрунзенскага раёна Менска 21 кастрычніка пачаўся працэс па справе ўладальніка ААТ „Мотавела” Аляксандра Мураўёва.

m1_161021-acj5h

Яму выстаўленае абвінавачанне па ч. 4 арт. 209 КК (махлярства, учыненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры), ч. 4 арт. 16 да ч. 4 арт. 210 (арганізацыя крадзяжу шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі), ч. 4 арт. 16 да ч. 2 арт. 243 (арганізацыя ўхілення ад выплаты падаткаў) і ч. 6 арт. 16 да ч. 2 арт. 243 КК (дапамаганне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў).

На лаве падсудных яшчэ два абвінавачаных — экс-дырэктар «Мотавела» Казімір Мароз і бухгалтар Таццяна Лукавец. Яны абвінавачваюцца ў арганізацыі і саўдзеле ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.

Справа разглядаецца пад старшынствам суддзі Юліі Блізнюк.

Аляксандр Мураўёў, затрыманы ў чэрвені 2015 года, не прызнае сваёй віны і папрасіў суд вызваліць яго з-пад варты. „17 месяцаў я ўтрымліваюся пад вартай, — сказаў ён. — Увесь гэты час парушалася маё права на свабоду і асабістую недатыкальнасць. Мяне абвінавачваюць у эканамічным злачынстве. Я не ўяўляю небяспекі для грамадства, маю на ўтрыманні непаўналетніх дзяцей, пажылых бацькоў. Я не маю намеру хавацца ад суду, хаваць або фальсіфікаваць доказы. Прашу ў дачыненні да мяне абраць меру стрымання, не звязаную з ізаляцыяй”.

Хадайніцтва Мураўёва падтрымалі яго абаронцы, супраць выступіў пракурор. Суд просьбу бізнесмена адхіліў. Такім чынам, Мураўёў і далей будзе знаходзіцца пад вартай, тады як астатнія фігуранты крымінальнай справы застаюцца на свабодзе.

Паводле слоў бізнесмена, ён і далей будзе настойваць на змене меры стрымання. „Перакананы, у выніку судовага разбору будзе ўстаноўлена, што злачынстваў, у якіх абвінавачваюся, я не ўчыняў”, — заявіў Мураўёў.

За час знаходжання ў СІЗА ён прыкметна схуднеў, але ў судзе трымаецца бадзёра.

У жніўні 2007 года Беларусь прадала 99,72% статутнага фонду ААТ „Мотавела” кампаніі ATEC Holding GmbH, якая належыць Мураўёву і зарэгістраваная ў Аўстрыі. Аднак праз пяць гадоў, у верасні 2013-га, Аляксандр Лукашэнка наведаў „Мотавела”, застаўся незадаволены яго працай і запатрабаваў безумоўнага выканання планаў па яго развіцці.

Лукашэнка нагадаў, што адной з найбольш важных умоў продажу „Мотавела” было захаванне яго спецыялізацыі і ўкладанне ў 2007—2012 гадах у развіццё вытворчасці не менш за 20 млн долараў, аднак пастаўленыя ўмовы былі выкананыя толькі часткова.

Прэзідэнт таксама застаўся незадаволены тым, што не ўся тэрыторыя прадпрыемства задзейнічаная пад вытворчасць, як было агаворана, каля чвэрці плошчаў здаваліся ў арэнду.

У чэрвені 2015 года Мураўёў быў затрыманы. Пытанні ў следства былі не толькі да працы „Мотавело”, але і шклозаводаў у Ялізава і Гомелі, створаных з удзелам АТЕС Holding GmbН. Шклозавод „Ялізава” быў прызнаны банкрутам.

БелаПАН