Паштоўкі ў гонар 100-годдзя кардынала Казіміра Свёнтка



У гонар 100 годдзя першага беларускага кардынала Казіміра Свёнтка, Белпошта выпусціць 30 тысяч паштовак з выяваю іерарха на фоне пінскага касцёлу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

У рэалізацыю, паштоўка з арыгінальнай маркай, паступіць 30 верасня, а яе гашэнне запланавана на 21 кастрычніка. Менавіта ў гэты дзень нарадзіўся кардынал.

Краязнаўца Эдвард Злобін спадзяецца, што гэта яшчэ адзін штуршок да таго, каб Пінск на адпаведным узроўні сустрэў 100 годдзе іерарха. Казімір Сёнтак захаваў пінскія адметнасці:

– Што ён зрабіў для Пінскай парафіі, для пінскага касцёлу і наогул для пінчукоў? Толькі дзякуючы яго волі, яго трываласці, яго барацьбе з касцёлу не зрабілі, як планавалася, у 50-ыя-60-ыя гады, півавараны завод. Гэта, дзякуючы яго моцы. Пінчукі таксама памятаюць, што дзякуючы яму былі захаваныя каталіцкія могілкі.

Кардынал за вернасць Богу прайшоў праз сталінскія лагеры. У 1954 годзе вярнуўся з 10-гадовай высылкі і ўжо ў снежні разам з вернікамі адрадзіў дзейнасць касцёлу. Свёнтак памёр у Пінску 21 ліпеня 2011 году на 97-м годзе жыцця. Пахаваны ў крыпце касцёлу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя