ТБМ прапаноўвае Нацбанку ўвесці манету з выявай Скарыны
Грамадскае аб’яднанне „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ) звярнулася да старшыні Нацыянальнага банка Паўла Калаура з прапановай увесці ў абарачэнне юбілейную манету з выявай Францыска Скарыны.
„У наступным годзе ўся наша краіна будзе святкаваць 500-ю гадавіну беларускага кнігадрукавання. У сувязі з гэтым просім Вас ўвесці ў абарачэнне першую беларускую юбілейную манету з нагоды гэтай знамянальнай падзеі. Было б добра, каб гэта быў беларускі рубель з выявай Францыска Скарыны”, — гаворыцца ў лісце на імя кіраўніка Нацбанка Паўла Калаура за подпісам старшыні ТБМ Алега Трусава.
Нагадаем, на гэтым тыдні ТБМ таксама звярнулася да старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі з просьбай весці ўсе пасяджэнні парламента на беларускай мове.
Варта адзначыць, што намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім абраная дэпутатам Палаты прадстаўнікоў шостага склікання.
Дарэчы, у Савецкім Саюзе выходзіла юбілейная манета з выявай Францыска Скарыны.
belapan.by