У Беластоку прэзентуюць кнігу пра бежанства
24 кастрычніка ў Цэнтры праваслаўнай культуры ў Беластоку пройдзе аўтарская сустрэча і прэзентацыя кнігі Анэты Прымака-Онішк „Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы”.
„Калі я пачынала пісаць кнігу, не думала, што гэтая тэма будзе актуальнай ў ХХІ стагоддзі. Аказваецца вайна і ўцекачы актуальныя і сёння”, – кажа Анэта Прымака-Онішк.
– Хацелася б, каб людзі прачыталі і зразумелі больш. Цяпер гэта і тэма сучасных бежанцаў, яна яшчэ больш заблытаная, бо там адгукаецца вялікая палітыка і страх перад ісламам. Я ведаю, што сёння на бежанцаў глядзяць па-рознаму. Я сустракала людзей, якія маюць у сваім сям’і бежанцаў, але кажуць, што нашы былі праўдзівыя бежанцы, а з Сірыі непраўдзівыя.
Пад час сустрэчы, якая пачнецца ў 18 гадзінаў у Цэнтры праваслаўнай культуры, можна будзе таксама купіць кніжку „Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы”.
Анэта Прымака-Онішк родам з падсакольскіх Кнышэвіч. Бежанства 1915 году закранула таксама і яе сям’ю.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя