Аналітык: Без дэмакратызацыі Беларусі паўнавартасныя стасункі немагчымыя



У Беларусі з працоўным візітам знаходзіцца дэлегацыя Польшчы на чале з віцэ-прэм’ерам Матэвушам Маравецкім.

000049_561204_big-1

„Паляпшэнне беларуска-польскіх адносінаў не часовая з’ява”, – мяркуе старэйшы аналітык Цэнтру Астрагорскага Ігар Губарэвіч. У артыкуле на старонцы Belarus Digest  эксперт аналізуе інтэнсіфікацыю кантактаў паміж Менскам і Варшавай на высокім роўні і прыходзіць да высновы, што працэс збліжэння будзе мець доўгатэрміновы характар:

– Беларуска-польскія адносіны набываюць станоўчую дынаміку, рэгулярную. Пачасціліся сустрэчы. Безумоўна, гэтыя сустрэчы сталі цяплейшымі і больш прадуктыўнымі. Іншая справа, ці могуць яны прынесці нейкае радыкальнае змяненне ў беларуска-польскія дачыненні. Прывесці да нейкіх вынікаў, якія былі б заўважныя.

РР: Пакуль гэтыя сустрэчы носяць больш сімвалічны характар. Найважнейшыя пытанні не закранаюцца, той жа малы памежны рух, пытанне Саюза палякаў ў Беларусі, дзейнасць у Беларусі незалежных СМІ, якія фінансуюцца з Польшчы. Як думаеце, гэтыя тэмы адсунулі ў бок і зараз вырашаюць больш прагматычныя гаспадарчыя адносіны?

Ігар Губарэвіч: Не, я ўпэўнены, што гэтыя тэмы абмяркоўваюцца. Проста па іх мы пакуль не бачым вынікаў. Мы бачым пэўныя вынікі ў гандлёва-эканамічных дачыненнях, развіваецца супрацоўніцтва ў галіне адукаці. Бакі шукаюць, як вырашыць гэтыя пытанні, але для гэтага патрэбныя моцныя кампрамісы з аднаго і другога боку. Тое ж пытанне Саюза палякаў – яно даўняе і не вырашыцца адным махам, бо тут назапасіліся крыўды. Таму, канешне, гэтае пытанне адным днём не вырашыць. Тое ж самае, з дзейнасцю Белсата. Безумоўна, ёсць такія сігналы, што польскія ўлады гатовыя скараціць фінансаванне ці ўвогуле яго спыніць. Не ведаю, ці пойдуць яны на такое рашэнне. І беларускі бок, безумоўна, вітаў бы такое рашэнне.

РР: Эканоміка – гэта тое, што магло б быць рухавіком паляпшэнне беларуска-польскіх адносін. Цяпер польскі віцэ-прэм’ер знаходзіцца ў Менску. І ён кажа пра спадзяванні польскага боку праз Беларусь увайсці на рынак Еўразійскага саюза. Наколькі гэтыя спадзяванні рэальныя і як усходні сусед Беларусі глядзіць на гэтае пацяпленне?

Ігар Губарэвіч: Тут якраз польскі віце-прэм’ер падхапіў такую рыторыку беларускага боку, які сам даўно прасоўвае тэзіс, што Беларусь – гэта ўваход у вялікую прастору Еўразійскага саюза, але я хачу сказаць, што тут Польшча і без Беларусі можа абысціся. Яна мае свае разуменні расейскага рынку, і тыя складанасці, якія Польшча мае ў дачыненні з Расеяй, яна проста проста праз выкарыстанне Беларусі адным махам не зрушыць і не вырашыць. Хоць, безумоўна, пэўныя перавагі, якія Беларусь дае, Польшча будзе выкарыстоўваць. Іншая справа, што беларускае заканадаўства радыкальным чынам не памянялася, часта многае трымаецца на персанальных гарантыях Аляксандра Лукашэнкі, але сур’ёзны бізнес ведае кошт такім гарантыям. Сур’ёзны бізнес аддаў бы перавагу добрай заканадаўчай базе, а не слову лідара, які можа яго забраць.

РР: Досьвед папярэдняга польскага ўраду і былога міністра замежных спраў Радаслава Сікорскага паказвае, што, здаецца, усё цудоўна, аднак, як узніклі ўнутрыпалітычныя праблемы і трэба было выказацца наконт падтрымкі дэмакратыі з боку Польшчы, усе праекты і дамоўленаці, якія да гэтага былі, спыняюцца. Навошта сёння, паводле вас, польскі ўрад ідзе той жа дарогай?

Ігар Губарэвіч: Для любых урадаў лепш супраца і дыялог, чым варажнеча. Польшча і Беларусь – гэта краіны-суседзі, якім наканавана жыць побач і супрацоўнічаць. Цяпер ёсць пытанні і ў галіне бяспекі. Безумоўна, Польшча цэніць пазіцыю, якую Беларусь заняла па ўкраінскім пытанні. Я думаю, што збліжэнне з гэтага і пачалося. Але цвёрды грунт для сталага гарантаванага паляпшэння двухбаковых дачыненняў – гэта дэмакратызацыя Беларусі. Без гэтага грунту казаць пра нейкія цвёрдыя спадзяванні на доўгатэрміновую нармалізацыю дачыненняў, на паўнавартаснае супрацоўніцтва не даводзіцца. А вось ці гатовыя беларускія ўлады ісці на такую дэмакратызацыю, у мяне вялікія сумневы.

Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Белта