Чаму “канапныя аналітыкі” не вераць уладам?



Беларускія чыноўнікі працягваюць нахвальваць Еўрапейскія спартыўныя гульні, якія плануюць правесці ў 2019 годзе ў Беларусі, а ўсіх нязгодных прапаганда ўжо запісала ў шэраг “канапных аналітыкаў”.

Як вядома, віцэ-прэзідэнт НАК Максім Рыжанкоў заявіў, што гэта будзе “самая эканамічная еўрапейская Алімпіяда, гутарка ідзе пра некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў”. А на БТ вядучая Вікторыя Сянкевіч “праехалася” па крытыках, якія лічаць, што ва ўмовах эканамічнага крызісу такія гульбішчы краіне не да патрэбы.

“Некаторыя аналітыкі, як правіла, канапныя, прыняліся падлічваць выдаткі рэспубліканскага бюджэту на 2018-2019 гады, але, вядома, не захацелі спачатку ўдакладніць хоць у некага набліжанага да НАК падрабязнасці арганізацыі і фінансавання праекта, – абурылася вядучая. – Кажуць, што асабліва буйныя “спецыялісты” назвалі праект пірам падчас чумы…”

Мы пацікавіліся, што з гэтай нагоды думаюць самі “канапныя аналітыкі”? Вось толькі некаторыя меркаванні людзей на форуме pressball.by:

Гэтыя гульні, у рэшце рэшт, і даб’юць беларускую эканоміку. Як Алімпіяда-2004 дабіла Грэцыю…

– Прадпрыемствы ляжаць, а яны замест накіроўвання грошай у эканоміку проста кідаюць іх на вецер. Для чаго?

– Калі ўжо так атрымалася, то трэба знайсці талковага замежнага менеджара-арганізатара, якія зможа хоць нешта заашчадзіць і прыцягнуць фінансавыя сродкі ў краіну.

– Спадзяюся, што чыноўнікі са сваёй кішэні дастануць гэтыя некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў, а не палезуць у кішэню народа. У краіне і насамрэч чума, а ў іх – пір.

– Успомніўся фільм “Гладыятар”. Там імператар не займаўся эканомікай і палітыкай, але зрабіў так, каб гладыятарскія баі праходзілі практычна кожны дзень. Яму было прыемна, як натоўп вітае яго на адкрыцці.

Дарэчы, па апытаннях, якія праводзілі спартыўныя СМІ, амаль 80 адсоткаў заўзятараў не падтрымліваюць ідэю правядзення ў Беларусі Еўрапейскіх гульняў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя