Браты Васілёнкі, “усёй Віцебшчыны фермеры” – на ростанях



10 год існавання споўнілася фермерскай гаспадарцы братоў Васілёнкаў – 47-гадовага Уладзіміра ды 42-гадовага Міхася. Яна месціцца зараз на 130 га плошчы ля мястэчка Смальяны, што на Аршаншчыне. І ўжо не першы год тут сабралі рэкордныя ў раёне ўраджаі бульбы – да 420 цэнтнераў з га – ды сотні тон рознай гародніны.  Між іншым, заробкі 10 сталых працаўнікоў, што ў іх працуюць, у два з паловай разы большыя, чым ва ўсіх дзяржаўных СВК. Свае сакрэты фермеры раскрывалі ў часе сумеснага аб’езду іх прыватнай гаспадаркі.

Але напачатку выкладзены зялёнай дахоўкай катэдж старэйшага Уладзіміра Васілёнка на цэнтральнай плошчы паказаў пажылы пенсіянер Сяргей Шарофкун, што жыве непадалёк і памятае іх 17 год.

Шарофкун:  Старэйшы пры мне скончыў наш смальянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Малодшы – чыгуначны ў Оршы. Адразу ж пасля 2000-а пачалі “кааперацыю”. Патрапіць да іх лічыцца прэстыжным. І не толькі з-за добрага па вясковых мерках заробку ў 5 млн старымі. Але і з-за таго, што мусіш быць “майстрам на ўсе рукі” – ад кіроўцы да будаўніка. А часовыя, што працуюць на ўборцы, атрымліваюць у іх “наяўныя” дзень у дзень – ад заробленага. А ўбіраюць зерне, бульбу, моркву, буракі…

На палетак да старэйшага з фермераў паўз яміны ды накаты на магутнай “Ніве” завозіць малодшы Міхась. З трактара, на якім заворвае ўбранае, вылазіць – таксама ў спяцоўцы –  коратка стрыжаны, рухавы гаспадар Уладзімір. Гавораць разам, але не перабіваючы адзін аднаго, – паразумеліся за гады.

img_1398

Васілёнкі: Са збытам сёлета наогул цуд – усё прададзенае! І цэны  – што ў нас, што ў Расеі прыстойныя.

РР: Чуў, што ўсю Аршаншчыну сваёй гароднінай забяспечваеце?

Васілёнкі: Прынамсі, бальніцы ўсяго раёна, шпіталь у Юрцава, крамы ў Оршы, на Менск, у Расею возім. Калектыў захавалі – чалавек 10…

РР: Крэдыты, казалі, у банках “на халяву” не даюць, нягледзячы на першае месца ў вобласці. Усё так?

Васілёнкі: Так. На трэці год 60 млн давалі, але браць не сталі! Цікава зроблена – нібы адсотак маленькі – 10, за 6 месяцаў адтэрміноўкі яшчэ 10 і ўжо 20%! Ёсць свае грошы –  працуем, навошта банку за так плаціць?! Ураджай бульбы за 400 цэнтнераў – сарты абнаўляем. Засвоены зараз «Скарб» ды «Скарлет» нямецкі. Зямлі было напачатку 31 га – узялі да 75, пасля яшчэ.  Тэхнікі купілі – ужо дзясяткі розных трактароў, камбайнаў, лядоўня-рэфрэжыратар. Сховішчы выкупілі, а апошняе Міхась пабудаваў. Неяк жонка выпісала лук – як 3-літровая банка галоўка. Сям’я ж у мяне вялікая…

Апошнія словы належалі Уладзіміру. Я ў ягоным добра, але бяз паказной раскошы, абстаўленым катэджы. У хаце каля пліты завіхаецца мілавідная Алена. Нарадзіла пецярых, ветурач  і – таксама фермер, бо вядзе ўсю бухгалтэрыю.

img_1403

Алена: У нас 3 хлопчыкі і 2 дзяўчынкі. Я вучылася на ветурача, потым поварам, а цяпер з мужам. Але пацыентаў маю – у нас котка Умка і 2 сабакі! (смяецца )

РР: Ці праўду кажуць, што фермеры працуюць “ 25 гадзін у суткі”?

Алена: Здаецца, яшчэ болей! (смяецца )  Сыходзяць у прыцемках, прыходзяць зацемна. А трэба падтрымліваць мужа, суцяшаць, калі што. Але мая першая бонда – акультурыла надворак. Як прыйшла, тэхніка, камбайны, плугі знаходзіліся ля ганку, уздымаючы ўлетку горы пылу. Запатрабавала прыбраць. Валодзя, канешне, падтрымаў пасля…

Уладзімір: Хлопцы ў мяне – клан Васілёнкаў! (смяецца ) Старшы ў Горацкай акадэміі  – кажа, бацька, ўсё роўна прыйду да цябе працаваць! Малодшы Назар ужо працуе, трактар водзіць на ўборцы з маленства…

Знаходзімся ў “закрамах” з Валодзям – дзе яшчэ не адпраўленыя тоны морквы, бульбы, лука, капусты.

РР: А ў планах што?

Уладзімір: Неяк цэлую ноч глядзеў Інтэрнэт, знайшоў надзмутыя ангары – не бачылі? Паставіў – без фундамента і цёплы, вой – 18 метраў вышыня, 60 даўжыня!  Яшчэ хочам 40 га зямлі ўзяць… Але будучыня невядомая. Расея, калі зараз рынак для нас закрые – капец! Сёлета прарваліся – у іх дрэнны ўраджай бульбы. А калі пачнуць самі да нас вазіць?! Трэба будзе свінафермы ставіць, кароў заводзіць, перапрацоўку наладжваць –  а дзе грошы, якіх і ў дзяржаве бракуе?! Перамены надыходзяць – і непазбежна!

РР: Я так разумею, улады вашы ўраджаі сабе ў залік ставяць?

Уладзімір: Прыгрэблі да сабе – закладаем ім стабілізацыйныя фонды! Але пад казырок служыць – гэта не для мяне. Я чалавек свабодны, прачнуцца зранку і думаць, што нехта табе павінен даць нешта? Не! Трэба класціся спаць і думаць, што будзеш рабіць заўтра. Відаць, такі мой шлях жыццёвы…

Нават афіцыйна гаспадарка братоў Васілёнкаў лічыцца “базавай” на Аршаншчыне. Смальяне называюць іх “усёй Віцебшчыны фермерамі”. Аж пасля таго, як старэйшы, Уладзімір, быў два гады запар прызнаны лепшым прадпрымальнікам вобласці ў намінацыі “лепшая вясковая (фермерская ) гаспадарка”.

 

[Not a valid template]

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара