Васіль Лявонаў: За такі “эксперымент” на мяне абяцалі накінуць кайданкі



Вытворцам малака ў Магілёўскай вобласці ў парадку эксперыменту дадуць права самастойна вызначацца з цаной і пакупнікамі сваёй прадукцыі. Былы міністр сельскай гаспадаркі Беларусі Васіль Лявонаў успамінае, што акурат дваццаць гадоў назад за такі ж “эксперымент” яго хацелі адправіць у турму.

„Давайце дамовімся: праз тыдзень у Магілёўскай вобласці ў якасці эксперыменту ўводзіцца свабоднае цэнаўтварэнне і доступ спажыўца малака да вытворцы”, – заявіў Лукашэнка падчас наведвання сыраробнага завода ў Бялынічах.

Васіль Лявонаў: Гэтаму “эксперыменту” хутка споўніцца 20 гадоў. Восенню 1994 года, калі я быў міністрам сельскай гаспадаркі, мы таксама адпусцілі цэны на малочную прадукцыю. Узгаднілі ўсё з Міхаілам Чыгіром (на той час – прэм’ер-міністр Беларусі), зрабілі вольным цэнаўтварэнне. Адразу палепшыўся асартымент прадукцыі.

РР: І чым тады скончылася ваша ініцыятыва?

Васіль Лявонаў: Усё нармальна было, праўда, затым на мяне паабяцалі накінуць кайданкі, хоць старшыня Менскага гарвыканкама Ярмошын падтрымаў: маўляў, нічога страшнага ў свабодным цэнаўтварэнні няма. Але пасля слоў пра “кайданкі” пачалося нешта незразумелае. Трэба ж было паказаць, што толькі адзін чалавек клапоціцца пра народ, а ўсе астатнія – злыдні. На тым “свабоднае цэнаўтварэнне” і скончылася.

РР: Сёння так званы новы эксперымент збіраюцца праводзіць пакуль толькі ў Магілёўскай вобласці. Як вы гэта сабе ўяўляеце?

Васіль Лявонаў: Ёсць рэчы, якія каментаваць проста немагчыма. Я, напрыклад, не разумею – пры чым тут Магілёўская вобласць? Трэба адкрыць усе рынкі. Упэўнены, што ад гэтага выйграюць пакупнікі, бо зараз не ўся беларуская малочная прадукцыя якасная. У нас ёсць цудоўныя фермы (у тым ліку, і ў Магілёўскай вобласці), але патрэбна свабодная канкурэнцыя. Бо адной лыжкай дзёгцю можна сапсаваць усю бочку з мёдам.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belarustoday.by