Стартаваў бязвізавы рэжым на тэрыторыі Гародні і Аўгустоўскага канала (абноўлена)
Сімвалічнае адкрыццё бязвізавага рэжыму на Аўгустоўскім канале па беларускім баку ажыццявіла дэлегацыя Падляшскага ваяводства на чале з маршалкам ваяводства Ежы Ляшчынскім. Яна перайшла мяжу без візы на памежным пераходзе “Рудаўка-Лясная”. Гэты пункт пропуску Гарадзеншчыны дагэтуль насіў сезонны характар. Ад нядаўна яго статус зменены на водны, пешаходны і роварны. Першым падзяліўся сваімі ўражаннямі ад перасячэння мяжы з Беларуссю маршалак Падляшскага ваяводства Ежы Ляшчынскі.
– Вельмі добра паспрыяла гэтаму надвор’е, бо дагэтуль цягам некалькіх дзён ішоў дождж, а сёння маем цудоўнае надвор’е. І гэта прадказвае нам, што сённяшняе адкрыццё бязвізавага руху прыцягне турыстаў, дапаможа развіць турыстычны рух, а таксама гэта стане добрай прычынай развіцця кантактаў паміж нашымі жыхарамі, народамі.
У Гародні маршалак Падляшскага ваяводства падпісаў дамову з прадстаўнікамі Гарадзенскай вобласці пра супрацу Падляшскага і Гарадзенскага турыстычных інфармацыйных цэнтраў. Ужо з першага траўня памежны пераход „Рудаўка-Лясная” запрацуе рэгулярна для турыстаў з Польшчы і з Беларусі.
[Not a valid template]
З 26 кастрычніка ў некаторых месцах на мяжы з Польшчай і Літвой можна без візаў уехаць на тэрыторыю Беларусі. Увайшоў у сілу дэкрэт прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб бязвізавым рэжыме для замежнікаў на тэрыторыі Гародні і Аўгустоўскага канала. Перасякаць без візаў мяжу можна ўжо на польска-беларускім пераходзе “Кузніца-Брузгі”, а з 1 траўня ў пункце пропуску на Аўгустоўскім канале “Рудаўка-Лясная”. Якраз тут з самай раніцы перасёк мяжу маршалак Падляшскага ваяводства Ежы Ляшчынскі, які cустрэўся са старшынём Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым.
– Цешуся, што мы сёння разам адкрываем бязвізавы рух. Гэта важны для нас момант. Аўгустоўскі канал спалучае тры народы. Да Гародні маем каля 57 км простага шляху. Таму разлічваем, што турыстычны рух значна павялічыцца.
– Мы рухаемся наперад, толькі наперад. І разам. Цягам 5 сутак без візы могуць знаходзіцца на гэтай тэрыторыі Беларусі грамадзяне ўсіх краін свету. Абавязкова павінен быць пашпарт. Таксама абавязкова павінна быць заключана дамова з турфірмай.
Каб без візы перасячы мяжу, трэба скарыстаць з дапамогі аднаго з польскіх або беларускіх турыстычных прадпрыемстваў: на аснове пашпартных дадзеных яно падрыхтуе кожнаму ахвотнаму турысту адпаведны дакумент, які дае права без візы знаходзіцца на тэрыторыі Гародні і Аўгустоўскага канала.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Лукаша Леанюка