Каля Гародні можа з’явіцца новы пункт пропуску „Сафіева-Ліпчаны”



Беларускі і польскі бакі разглядаюць варыянт стварэння пункта пропуску „Сафіева-Ліпчаны” на агульнай мяжы непадалёк ад Гародні. Пра гэта ішла размова падчас сустрэчы старшыні Гарадзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова з маршалкам Падляшскага ваяводства Польшчы Ежы Ляшчынскім, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Уладзімір Краўцоў і Ежы Ляшчынскі абмеркавалі сёння магчымасць стварэння пункта пропуску „Сафіева-Ліпчаны” на беларуска-польскай мяжы. Зацікаўленасць у рэалізацыі праекта ёсць у абодвух бакоў. „Гэта сумесная ініцыятыва. Стварэнне пункта пропуску дазволіць зрабіць яшчэ больш даступнай для замежных турыстаў беларускую частку Аўгустоўскага канала, закальцаваць існуючыя турыстычныя маршруты. Выступаем з прапановай зрабіць гэты пункт пропуску даступным для пешых турыстаў, веласіпедыстаў і аўтамабіляў з масай да 3,5 т”, – адзначыў Уладзімір Краўцоў.

Ён падкрэсліў, што дарога да пункта пропуску ёсць як з польскага, так і з беларускага боку. Адкрыццё яго, напрыклад, дазволіць у 2 разы скараціць шлях ад Гародні да Аўгустова да 57 км.

У сваю чаргу Ежы Ляшчынскі сказаў: „Мы таксама рэгулярна ўздымаем гэтую тэму, падтрымліваем такое рашэнне. Гатовыя абнавіць пад’язную дарогу да мяжы. На нашым баку зарэзерваваная зямля пад будаўніцтва аб’ектаў пункта пропуску”.

Дакладная дата стварэння новага пункта пропуску пакуль не называецца: да ўпарадкавання інфраструктуры праект павінен прайсці шэраг міжнародных узгадненняў. Польская дэлегацыя, першыя бязвізавыя турысты, сёння знаёміцца ​​з патэнцыялам беларускай часткі Аўгустоўскага канала. З 26 кастрычніка замежныя турысты могуць наведваць без візы на працягу пяці сутак спецыяльны турысцка-рэкрэацыйны парк „Аўгустоўскі канал” і прылеглыя да яго тэрыторыі. У так званую бязвізавую зону ўвайшлі акрамя Аўгустоўскага канала горад Гародня і частка Гарадзенскага раёна.

Фота Беларускага Радыё Рацыя