Менск пакуль не даплаціў за расейскі газ



Беларускі бок пакуль не пералічыў абяцаныя грошы за расейскі газ, заявіў віцэ-прэм’ер урада Расеі Аркадзь Дварковіч. «Яны не пералічылі грошы – як дамаўляліся, гэта павінна быць спалучана з падпісаннем пагадненняў па некаторых іншых тэмах, а яны пакуль не падпісаныя, таму грошы і не пералічаныя. Гэта спалучаныя пытанні. Заўтра старшыня ўрада будзе ў Беларусі, там будзе адказ атрыманы», – заявіў Дварковіч на брыфінгу па выніках пасяджэння прэзідыума савета пры прэзідэнце Расеі па мадэрнізацыі эканомікі і інавацыйнаму развіццю Расеі.

Згодна з беларуска-расейскімі дамоўленасцямі па  вырашэнню нафтагазавага канфлікту да 20 кастрычніка Менск павінен быў пералічыць 281 мільён даляраў у якасці даплаты за пастаўлены расейскі прыродны газ. Акрамя таго, Расея адновіць ранейшыя аб’ёмы паставак нафты на беларускія НПЗ, а Беларусь адменіць рашэнне аб павышэнні тарыфаў на яе транзіт. Аб урэгуляванні спрэчкі 10 кастрычніка віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка далажыў Аляксандру Лукашэнку.

Cтаршыня праўлення Нацбанка Павел Калаур заявіў аб наяўнасці сродкаў для разлікаў за газ. 21 кастрычніка міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык сцвярджаў, што грошы за газ «пералічваюцца».

belapan.by