Леў Марголін: Азербайджанская нафта – гэта і палітычны складнік



Эканаміст Леў Марголін распавядае пра тое, навошта Беларусі спатрэбілася азербайджанская нафта.

Нагадаем, канцэрн „Белнафтахім” пацвердзіў інфармацыю аб тым, што найбліжэйшым часам Мазырскі НПЗ атрымае партыю азербайджанскай нафты, які прыйдзе ў Беларусь транзітам праз Украіну.

Леў Марголін: З аднаго боку беларускае кіраўніцтва заўсёды прытрымліваецца прынцыпу – нафты шмат не бывае. Па-другое, у сітуацыі, калі ёсць пагроза змяншэння аб’ёмаў паставак нафты ў Беларусь з Расеі, такая падстрахоўка не пашкодзіць самім нафтаперапрацоўчым прадпрыемствам, хаця азербайджнаская нафта і даражэйшая за расейскую.

РР: Але ж з Масквой, здаецца, вырашылі “нафтавае пытанне”…

Леў Марголін: Гэта было, што называецца, “пакетнае пагадненне”, якое прадугледжвае выканання бакамі іншых умоваў. І невядома, у які бок сітуацыя хіснецца. Напэўна, тыя, хто прымаў рашэнне аб пастаўках азербайджанскай нафты, валодаюць большай інфармацыяй, чым мы. І дакладна ведаюць, навошта ім гэта патрэбна.

РР: У свой час у Беларусь ішла і “альтэрнатыўная” нафта з Венесуэлы. Ці быў тады нейкі эканамічны эфект ад такіх паставак?

Леў Марголін: Калі не памыляюся, канкрэтныя лічбы не называліся, але ўсе сыходзіліся ў адным – гэта быў зусім не танны шлях. Але, калі ідзе гаворка, што не хапае нафты для прадпрыемстваў, то і такое можна апраўдаць. Акрамя таго, не трэба забываць і пра палітычны складнік. Трэба ж паказаць Расеі, што на ёй свет клінам не сыйшоўся.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя