На “Менскім дыялогу” абмяркоўваюць агульнаеўрапейскую інтэграцыю (абноўлена)



Паміж Беларуссю і Польшчай яшчэ не інтэграцыя, але ўжо пацяпленне. Гэтае пытанне ў кулуарах “Менскага дыялогу” закранулі яго ўдзельнікі. Арганізатар форуму Яўген Прэйгерман зазначыў:

– Проста адбываецца працэс нармалізацыі пасля таго, як адносіны ў 2010-21011 гадах былі на мінімальным роўні. У адносінах паміж Варшавай і Менскам рэгіянальны кампанент вельмі актыўны і заўважныі.  І я, напрыклад,  маю спадзевы, што менавіта праз гэты кірунак нашых адносінаў з ЕЗ і можа такая рэгіянальная супраца пачынацца.

У прыклад Прэйгерман прыводзіць бязвізавы рэжым на беларускай частцы Аўгустоўскага каналу.

У сваю чаргу старшыня дэлегацыі Еўразвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын у інтэрв’ю Радыё Рацыя адзначыла, што Еўрапейскі Звяз па-ранейшаму жадае ўзаемадзейнічаць са сваімі суседзямі. І з Еўразійскім Эканамічным Саюзам яны не канкурэнты.

– Я не бачу тут канкурэнцыі. Мы намагаемся супрацоўнічаць, мы не робім гэта супраць кагосьці, але мы хочам узаемадзейнічаць з нашымі суседзямі.  Усё што тычыцца памежнага рэжыму, транспамежных ініцыятываў – эканамічных і адукацыйных, мы робім разам – кіраўніцтва Еўразьвязу і чальцы ЕЗ.

У канферэнцыі “Менскі дыялог” бяруць удзел эксперты, навукоўцы ды дыпламаты з розных краінаў Еўропы. Менск становіцца сталіцай інтэграцыйных дыскусіяў і нават сімвалам дыялогу, – падкрэсьліваюць арганізатары.

* * *

Канферэнцыю наведалі прадстаўнікі асноўных інтэграцыйных аб’яднанняў – Еўрапейскага Звязу й Еўразійскага Эканамічнага Саюзу. Прадстаўніца Расеі ў Еўразійскай эканамічнай камісіі Таццяна Валавая шкадуе, што паміж ЕЗ і ЕАЭС няма ранейшай камунікацыі.

– Здзіўляе, калі сёння многія еўрапейскія палітыкі гавораць пра тое, што ЕАЭС – гэта не тое рэгіянальнае эканамічнае аб’яднанне, з якім яны гатовыя былі б супрацоўнічаць. Што ў нас моцны палітычны кампанент. І гэта стварае праблемы для дыялогу двух інтэграцый. На мой погляд, гэта абсалютна не так.

На думку Валавой, нават украінскае пытанне можна будзе хутчэй вырашыць, распачаўшы перадусім эканамічны дыялёг. У адказ старшыня дэлегацыі Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын заявіла:

– Мы – аб’яднанне, заснаванае на каштоўнасцях. І мы паважаем міжнородныя законы. І, я думаю, што ЕЗ і ўсе ягоныя чальцы вельмі актыўныя ў падтрымцы менскага працэсу і мы спадяземся на пазітыўная развіццё. А далей пабачым.

Андрэа Віктарын падкрэсьлівае, што ЕЗ і ЕАЭС – не канкурэнты. Папросту Еўразвяз хоча ўзаемадзейнічаць са сваімі суседзямі, і не супраць кагосьці. Дыскусіі ў межах “Менскага дыялёгу” працягнуцца да позьняга вечара.

Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота gov.by