Ці будзе Менск уваскрашаць АДКБ пад указку Масквы?



Ці будзе Менск уваскрашаць АДКБ пад указку Масквы?

армія

Такім пытаннем задаецца „Belarus Digest”.

Сяргей Богдан: Пытанне ў тым, што АДКБ нікому ж не перашкаджае, у тым ліку і Беларусі перш за усё. То бок рабіць тое, што яны хочуць, фармальна ў прынцыпе нібыта будучы гэтымі сябрамі АДКБ. Таму я думаю, што Менск проста ставіцца да гэтага вельмі спакойна, прытрымлівае на ўсялякі выпадак такі варыянт, што вось у нас яшчэ ёсць такое чалецтва ў АДКБ, магчыма цешыць сябе спадзяваннем на тое, што некалі атрымаецца зрабіць тое, што не атрымалася ў мінулым. Гэта значыць скарыстацца АДКБ для таго, каб збалансаваць нераўнавагу сілаў у стасунках з Расеяй. Гэта значыць стварыць з АДКБ нейкую праўную рамку, дзе дзякуючы нормам права гэты дысбаланс сілаў паміж Менскам і Масквой будзе неяк ураўнаважаны. Гэта не атрымалася зрабіць у мінулым і ў прынцыпе на сёння таксама гэта выглядае даволі безнадзейна, але хто ведае, што чакае ўсіх у будучыні. Таму я думаю Менск разважае прыкладна так.

РР: У той самы час NATO перастае быць грозным праціўнікам, і тут нават гучаць такія даволі нечаканыя заявы пра магчымыя сумесныя манеўры ў пэўных галінах з натаўскімі войскамі. Ці будзе гэта заўважана ў Маскве, паводле вас?

Сяргей Богдан: У Маскве гэта ўжо заўважана і ў прынцыпе, калі паглядзім, то ва ўсім спектры расейскіх СМІ адгалоскі гэтага ёсць, гэта не толькі тое, што заўважае шавіністычны “Regnum”. Тут пытанне такое, што Менску ўсё адно трэба выжываць, і выжываць, умоўна кажучы, у сённяшняй сітуацыі гэта значыць знаходзіць “modus vivendi” з краінамі NATO і таксама тымі краінамі, якія імкнуцца да чалецтва ў гэтым хаўрусе – гэта значыць і з Украінай. Менск проста элементарна не можа дазволіць сабе больш такой агрэсіўнай, ваяўнічай рыторыкі ў дачыненні да гэтага альянсу, што Менск сабе дазваляў у 90-х гадах. Бо адна справа калі вы гаворыце пра супрацьстаянне з NATO, агрэсіўнасць NATO і ўсё астатняе, жывучы прынамсі ў многіх сотнях кіламетраў ад уласна самой мяжы з NATO, а зусім іншае калі вы пачынаеце пра гэта гаварыць будучы фактычна атачаны з усіх бакоў, апроч усходняга, гэтым самым самым блокам. Таму тут пытанне нават у тым, што Менск можа баяцца рэакцыі Масквы, але я думаю, што тут стаіць пытанне пра тое, што дазволіць сабе проста дзейнічаць зважаючы на Маскву ўжо немагчыма, проста геапалітычна сітуацыя Беларусі змянілася.

Беларскі ўрад традыцыйна спрабуе лавіраваць у цяперашняй сітуацыі, калі напружанне ў нашым рэгіёне здаецца толькі ўзрастае. Інфармацыя пра размяшчэнне “Іскандэраў” у Калінінградскай вобласці, напэўна ціск з боку Масквы, які можа датычыць таксама і авіябазы. Гэтае пытанне адышло апошнім часам на далейшы план, паводле вас, ці магчымае яго хуткае вяртанне на павестку дня.

Сяргей Богдан: Я мяркую, што ў бліжэйшай будучыні гэта пытанне абсалютна выключана. Гэта меркаванне грунтуецца на двух чынніках, перш за ўсё тое, як я падкрэсліў, Менск разумее, што немагчыма кідаць выклік арганізацыі Паўночнаатлантычнай дамовы знаходзячыся ў яе атачэнні. З другога боку, а навошта Менску праводзіць у дачыненні да NATO больш ваяўнічую палітыку, чым праводзіць дэ-факта Расея. То бок Расея безумоўна робіць нейкія там жэсты, але ўмоўна кажучы, такога вялікага ўжо супрацьстаяння на еўрапейскім напрамку пакуль што пазбягае. Гэта значыць, што Расея пазбягае размяшчаць многія віды ўзбраення, якія яны даўным даўно маглі размясціць на межах NATO, Расея пазбягае даваць Менску тыя самыя “Іскандэры”, каторыя ён прасіў яшчэ пры канцы 2000-х гадоў. Калі Маскве гэта не трэба, дык а навошта тады гэта Менску, супрацьстаяць фактычна альянсу, які кантралюе вельмі значную частку свету, і ў тым ліку частку свету, дзе знаходзіцца Беларусь.

Сяргей Богдан – асацыяваны аналітык Цэнтра Астрагорскага. Папярэдні досвед дзейнасці АДКБ паказвае, што старшынства Беларусі ў арганізацыі, якой краіна пераняла 14 кастрычніка не будзе мець рэвалюцыйнага характару, мяркуе эксперт.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя