Цімафей Дранчук: Адно слова – паказуха
Былы палітвязень і лідар Камітэта ў абарону правоў зняволеных “Над бар’ерам” Цімафей Дранчук распавёў, навошта грамадскасці вырашылі “паказаць казку пра ўтрыманне ў беларускіх турмах”.
Фота bymedia.net
Як вядома, сябры грамадскага савета пры МУС (старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, спявачка і дэпутатка Ірына Дарафеева, сустаршыня Беларускага саюза жанчын Настасся Морава) наведалі турму № 4 у Магілёве. Яны засталіся амаль што ў захапленні ад тых умоў утрымання зняволеных, якія ўбачылі, а Дарафеева і наогул заявіла, што ў турме кормяць “амаль як у рэстаране”.
Цімафей Дранчук: Грамадскасці паказалі нейкую казку пра ўтрыманне ў беларускіх турмах, і ў такіх выпадках проста не знаходзіцца слоў. Я на ўласным досведзе ведаю, што такое жыццё за кратамі, і якія там умовы ўтрымання. Мне абсалютна незразумела, дзеля чаго сабраліся прарэкламаваць быццам бы добрыя ўмовы ў турмах, але для мяне гэта выглядае нейкім здекам над тымі, хто быў там і хто знаходзіцца зараз. Гэта здзек над роднымі зняволеных, якія раз на некалькі месяцаў збіраюць перадачы, гатуюць хатнюю ежу, калі едуць на чарговае спатканне. Яны разумеюць, што чалавек там фактычна галадае. Паўтаруся, я гэта ведаю па сабе, а ўмовы ў турмах амаль што не адрозніваюцца.
РР: Дарафеева, якая паспрабавала ў турме “рэстаранную” ежу, з вамі не пагадзілася б…
Цімафей Дранчук: Там не толькі Дарафеева “перлы” выдавала. Каб я сам у свой час не сядзеў, то пасля такіх выказванняў захацелася б хоуь на некалькі месяцаў за краты. Так прыгожа ўсё апісвалі. Бо ў турме вельмі цяжка, і ўсе гэта разумеюць і ведаюць. А зняволеныя, натуральна, той жа Дарафеевай ці Давыдзьку таксама нічога не скажуць пра свае праблемы. Бо госці сядуць у машыны і з’едуць, а ім яшчэ жыць на “зоне”. Ды і для такіх сустрэч звычайна падбіраюць “правераных” асуджаных, якія нічога лішняга не “ляпнуць”. Так што тут адно слова – паказуха.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя