Акцыя памяці паўстанцаў Каліноўскага ў Свіслачы (абноўлена)
Удзельнікі і арганізатары фэсту “Свіслач 2016”, альбо Дня памяці паўстанцаў 1863 года, падсумавалі вынікі сёлетняга мерапрыемства. Грамада зазначыла, што рана ці позна, але ўшаноўваць тых, хто гінуў за незалежнасць Беларусі, трэба на дзяржаўным узроўні. Пакуль жа выпадае казаць пра ўшанаванне толькі на ўзроўні грамадскім. Кажа Віктар Сазонаў – адзін з пачынальнікаў Свіслацкага фэсту:
– Мы былі пачынальнікамі гэтай акцыі. Тады жылі яшчэ некаторыя людзі, якіх ужо з намі няма. Сярод іх і Віктар Дзясяцік, на магіле якога мы былі. Гэта Дзіма Кісель, бацькі якога сядзелі за беларускасць, атрымаўшы па 15 гадоў. Мы заўсёды памяталі, што адраджэнне пачынаецца з памяці сваіх продкаў. Перадусім з памяці сваіх духоўных продкаў.
Усіх удзельнікаў Свіслацкага фэста пільнавалі і здымалі на відэа спецслужбоўцы ў цывільным. Праз некаторы час пасля такіх здымкаў у дачыненні да людзей пачынаюць адміністрацыйныя справы, якія ў выніку прыводзяць да штрафаў за “ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве”. Аднак нягледзячы на такія захады ўладаў, Свіслацкі фэст кожны год збірае ўдзельнікаў з усёй Беларусі.
Поўны гук слухайце ў далучаным файле.
Прамовамі, вершамі і воклічамі “Жыве Беларусь!” прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі пачалі акцыю па ўшанаванні памяці паўстанцаў у Свіслачы. На мерапрыемства прыехала каля 50 чалавек з розных куткоў Беларусі, сярод якіх як лідары палітычных партый і арганізацый, так і шараговыя актывісты.
Са Свіслачы паведамляе наш карэспандэнт:
– Склад удзельнікаў – гэта ўжо больш за 50 чалавек. Пасля ўшанавання памяці брата Кастуся Каліноўскага Віктара ўдзельнікі накіраваліся да помніка Траўгуту і Каліноўскаму, а таксама з’ездзілі ў Якушоўку, дзе знаходзіцца сядзіба Каліноўскіх. Увесь час людзі ў цывільным пільнавалі ўдзельнікаў акцыі, здымалі ўсё на камеры. Іх было чалавек 8. Пасля ўсіх гэтых ушанавальных мерапрыемстваў удзельнікі традыцыйна накіраваліся ў бок пляцоўкі на тэрыторыі лесу пад Свіслаччу, дзе цяпер бард Зміцер Захарэвіч грае на гітары і спявае песні.
Чытае паэт Зміцер Захарэвіч:
Кветкамі ўбраныя магілы,
Дзе спяць героі вечным сном,
Хай сведчаць Бацькаўшчыне мілай —
Вяртаемся мы са шчытом!
Жыве Беларусь!
Аляксей Янукевіч – старшыня Партыі БНФ:
– Для мяне гэтая дата вельмі важная. Бо сапраўды браты Каліноўскія і іх паплечнікі з’яўляюцца ў вялікай ступені сімваламі змагання за аднаўленне беларускай нацыянальнай дзяржавы. Фактычна яны з’яўляюцца пачынальнікамі той справы, якую мы сёння вымушаны працягваць.
Удзельнікі фэсту “Свіслач 2016” наведалі магілу Віктара Каліноўскага, прайшліся вуліцамі горада пад бел-чырвона-белымі сцягамі да помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту. Пасля калона аўтамабіляў рушыла да сядзібы Каліноўскіх у Якушоўцы. Удзельнікаў акцыі пільнуюць і здымаюць на камеры асобы ў цывільным.
Пасля наведвання Якушоўкі ў лесе адбыўся традыцыйны сяброўскі пачастунак, а таксама імправізаваны канцэрт – выступілі Зміцер Захарэвіч і „ветэран” фэсту Андрэй Мельнікаў.
[Not a valid template]
У Свіслачы ўшаноўваюць памяць удзельнікаў паўстання Кастуся Каліноўскага. На месцы падзей знаходзіцца наш карэспандэнт Мікола Ляшкевіч.
– У Свіслачы зараз знаходзіцца каля 50 чалавек. Яны прыехалі з розных куткоў Беларусі. Збор удзельнікаў пачаўся ля касцёла Св. Францішка Асізскага, пасля чаго грамада рушыла да мясцовых могілак, дзе пахаваты брат Кастуся Каліноўскага – Віктар. Там грамадскія актывісты ўзялі слова, запалілі знічы. Цяпер шэсце рушыла ў бок помніка самому Кастусю Каліноўскаму ў Свіслачы.
Беларускае Радыё Рацыя, Свіслач