Уладзімір Вішнеўскі – сучасны Дзюрэр і Драздовіч
Яго графіку можна параўнаць з гравюрамі Дзюрэра, а малюнкі нагадваюць палотны Язэпа Драздовіча. Уладзімір Вішнеўскі – беларускі мастак, графік і скульптар. Не так даўно Уладзімір Вішнеўскі вярнуўся з Уроцлава, дзе ўдзельнічаў у Фестывалі незалежнай беларускай культуры.
Творы гэтага выбітнага мастака знаходзяцца ў фондах Беларусі, Польшчы, Расеі ды Злучаных Штатаў. Працы Уладзіміра Вішнеўскага дзясяткі разоў выстаўляліся не толькі ў Беларусі, але і ў іншых еўрапейскіх краінах. Сам мастак распавядае, што асноўны акцэнт у творчасці ён робіць на нацыянальнае ўсведамленне. Аднак увагі заслугоўвае не толькі тэматыка твораў, але і тэхніка нанясення графікі:
Уладзімір Вішнеўскі: У мяне працы выкананы ў афорце, і таму паказаны ў розных прыёмах, рознай тэхнікі. Графіка, складаная тэхніка, вынайдзеная мной персанальна, ніхто ў свеце такога не робіць. У мяне тут ёсць прыём глыбокага і высокага друку, і таму працы ў мяне адрозніваюцца ад іншых мастакоў нават самой якасцю.
РР: Трэба зазначыць, што Вашыя працы нагадваюць дасканалыя гравюры Сярэднявечча.
Уладзімір Вішнеўскі: У сэнсе дасканаласці яны, безумоўна, набліжаюцца, некаторыя лічаць, што ідзе працэс ад нейкіх дзюрэраўскіх афортаў, хоць прамых цытат нідзе не знойдзеш. Самі прыёмы застаюцца традыцыйныя, я думаю, што ў мастацтве не так мяняецца тэхнічны бок і прыёмы – мысленне мяняецца. Таму што XVI стагоддзе і XXI стагоддзе, безумоўна, розняцца. Я думаю, што мае працы адрозніваюцца не столькі прыёмамі, колькі вобразнасцю.
“Свет у сутонні душаў”
РР: Калі паглядзець на Вашыя графікі, то мы ўбачым яўны кантраст, двухколернасць: залаты і чорны, бледны і чорны. Ці гэта азначае, што вы ўяўляеце свет чорна-белым?
Уладзімір Вішнеўскі: Не, рэч не ў гэтым. Проста сама графіка, сам раздзел гэтага мастацтва чорна-белы. Чорна-белай графікай можна выразіць вельмі жывапісна. Рэч не ў тым, што свет бачыцца чорным ці белым, колькасць чорнага ці белага, проста гэта такая галіна графічнага мастацтва, тым больш, што яно звязана блізка з кніжным мастацтвам, з ілюстрацыяй кніжнай… Але рэч не ў гэтым. Я больш такога касмічнага плану мастак, і вобразнасць у мяне такая. Можа быць нешта звязана з сярэднявечнымі ўяўленнямі, але ў асноўным, вядома, базуюся на нацыянальным мастацтве. У мяне ёсць напрыклад “Дзяды”, але гэта не ілюстрацыя да “Дзядоў” Міцкевіча, а “Дзяды” як традыцыйнае беларускае свята, якое існавала да канца 70-ых гадоў, а потым як быццам бы яно знікла, таму што знік той пласт сельскага насельніцтва, яны папросту выміраюць, і сёння можна сказаць, што яны ўжо адышлі ў той свет. І вось гэтае ўзгадванне продкаў я зрабіў у вобразе касмічнага карабля, але вобраз у форме рыбы – у той жа час гэта хрысціянскае свята, а з другога боку – глыбіннае свята язычаскіх часоў.
“Дзяды”
РР: Вы ўзгадалі, што ў Вашых працах ёсць касмічныя элементы. Ці быў для Вас натхненнем такі мастак, як Язэп Драздовіч?
Уладзімір Вішнеўскі: Безумоўна. Язэпа Драздовіча я ведаю добра, тым больш што ён вандроўнік і ў космасе, і вандроўнік па Беларусі. Гэта ўсё звязана, мы непарыўна звязаны з космасам. Несумненна, кожная драбінка, кожны мурашка, як і чалавек, – яны ўсе звязаны і залежаць ад гэтага космасу. Але я хацеў бы больш падкрэсліць, што маё мастацтва базуецца на нацыянальным усведамленні, дзеля чаго я працую. Таму ў мяне ёсць і прысвячэнне Караткевічу, і прысвячэнне Быкаву – “Апостал Васіль”, і Дастаеўскаму прысвечана. Потым, у мяне ёсць п’ета Чарнобыльская, гэта непасрэдна звязана з нашай Чарнобыльскай трагедыяй, і Міцкевічу ў мяне тры лісты прысвечаны. То бок, цалкам творчасць базуецца на нацыянальных традыцыях, на нацыянальных каранях.
“Прысвячэнне Караткевічу” “Апостал Васіль”
“Чарнобыльская п’ета”
РР: Ці ў бліжэйшы час можна будзе пабачыць Вашу выставу ў Беларусі, у Менску? Ці нешта плануеце?
Уладзімір Вішнеўскі: У Менску ў мяне нядаўна была вялікая выстава, прысвечаная майму 60-годдзю ў Музеі сучаснага беларускага мастацтва. Шмат было графікі, і скульптура была прадстаўлена, таму што я яшчэ займаюся пластыкай, дрэвам, з камянём працую. Былі яшчэ акварэлі прадстаўлены, таму выстава была больш шырокаю. Потым у мяне была выстава мінулай восенню, прыблізна ў канцы кастрычніка ў Гародні, у галерэі “Крыга”: таксама было прадстаўлена шмат прац, хоць галерэя і не такая вялікая. Я рэгулярна выстаўляюся ў Менску, праходзяць рэспубліканскія выставы, я прымаю ўдзел. Была прысвечана выстава Альгерду ў Віцебску на пачатку вясны, потым яна была прывезена ў Менск, так што я пастаянна выстаўляюся.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: ncsm.by