Краязнаўчыя чытанні ў Баранавічах



Баранавіцкае грамадскае аб’яднанне Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны арганізавала і правяло ІІІ Краязнаўчыя чытанні пад назвай “1916 год. Падзеі Першай сусветнай вайны ў Баранавіцкім краі. Стагоддзе Баранавіцкай аперацыі”.

У гістарычных чытаннях прынялі ўдзел вядомыя на Берасцейшчыне гісторыкі і краязнаўцы: Міхась Бернат, Аляксандр Літвінскі, Ірына Дубейка, Ірына Сайко, выкладчык ЕГУ Аляксандр Стральцоў-Карвацкі ды многія іншыя. На чытанні сабралася шмат аматараў гісторыі. Было агучана нямала новых гістарычных фактаў, як кажа старшыня мясцовага Таварыства беларускай мовы Мікалай Падгайскі:

– Гэта работа праводзіцца дзеля абуджэння гістарычнай памяці, каб наш народ памятаў сваю гісторыю, гісторыю горада Баранавічы, гісторыю гэтай зямлі, гісторыю Заходняй Беларусі. Таму мы абавязкова кожны год будзем рабіць чытанні. Будзе 2017 год – трэба будзе праводзіць стагоддзе па 17-ым годзе, тым падзеям, якія прывялі да развалу арміі, падзенню маральнага духу, у рэшце рэшт прывялі да рэвалюцыі.

Асаблівую цікавасць у слухачоў выклікаў выступ Андрэя Вераб’я – дырэктара дабрачыннага фонду “Фартэфікацыя Берасця”. Прадстаўнікі фонду былі апрануты ў форму расейскай арміі часоў Першай сусветнай вайны з дэманстрацыяй зброі той вайны.

Поўны гук слухайце ў далучаным файле.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя