Улада засакрэціла выдаткі на пошук „дармаедаў”



Улада засакрэціла суму выдаткаў на пошук „дармаедаў”. Як паведаміла прэс-служба кампаніі „Гавары праўду”, гэта вынікае з ліста намесніка міністра па падатках і зборах Уладзіміра Муквіча на запыт, адпраўлены кампаніяй 2 кастрычніка.

У лісце актывісты прасілі адказаць на пытанні, у што абыходзіцца збор падатку на дармаедства і ці праўда, што гэтая працэдура каштуе падаткаплацельшчыкам даражэй, чым атрыманыя ад „сацыяльных утрыманцаў” сумы.

У адказе лідару кампаніі Андрэю Дзмітрыеву чыноўнік не назваў гэтыя лічбы на той падставе, што яны „не падлягаюць выдаванню ў рамках артыкула 16 закона Рэспублікі Беларусь ад 10.11.2008 „Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”.

„На наш погляд, гэта з’яўляецца ўскосным пацвярджэннем таго, што гэты падатак з’яўляецца на справе марнатраўствам, прыкладам неапраўданых выдаткаў бюджэту, а не сродкам яго напаўнення”, — адзначаюць у кампаніі.

Кампанія „Гавары праўду” перакананая, што запатрабаваная інфармацыя, у якой зацікаўлена беларускае грамадства, на справе не падпадае пад закон „Аб дзяржаўнай тайне” і павінна быць прадастаўлена грамадзянам для аб’ектыўнай ацэнкі сітуацыі, якая склалася.

„З улікам складаных эканамічных рэалій, масавых скарачэнняў на дзяржаўных прадпрыемствах лічым гэты падатак несправядлівым. Замест сацыяльнай абароны з грамадзян выціскаюць апошняе. Урад не можа забяспечыць народ працай і прымушае яго плаціць за гэта”, — лічаць актывісты.

Яны заклікаюць „адмяніць абразлівы з пункта погляду маральнасці і эканамічна неэфектыўны падатак на дармаедаў”, „распрацаваць заканадаўчую базу па ўвядзенні адзінага збору для самазанятых (фрылансераў), забяспечыць сацыяльную абарону асобам, якія страцілі працу, стварыць умовы для развіцця профпераарыентацыі і развіцця малога і сярэдняга бізнесу на месцах”.

„Мы звернемся ў парламент з просьбай зрабіць дэпутацкі запыт і паказаць, ці апраўданы гэты збор. Упэўнены, засакрэчаная лічба стане яшчэ адным аргументам на карысць адмены несправядлівага пабору. Яшчэ раз заклікаем урад перайсці ад рэпрэсіўнай тактыкі ў дачыненні да людзей да стварэння ўмоў для развіцця дзелавой, эканамічнай ініцыятывы на ўсіх узроўнях. Прыйшоў час рэформаў”, — лічыць Дзмітрыеў.

БелаПАН

Фота belaruspartisan.org