Калі адменяць норму абавязковага продажу валюты?



Эканаміст Барыс Жаліба патлумачыў, чаму беларускім прадпрыемствам стала крыху “лягчэй дыхаць”.

У верасні аб’ём абавязковага продажу валюты скараціўся амаль на трэць – на 34,5%. Як вядома, Нацыянальны банк прыняў рашэнне аб зніжэнні з 1 верасня нарматыва абавязковага продажу замежнай валюты прадпрыемствамі з 30 да 20 адсоткаў.

Барыс Жаліба: Такое зніжэнне можна лічыць прагрэсіўным. Была, безумоўна, рызыка, што зменшыцца прапанова валюты на біржы, што магло паспрыяць дэвальвацыі нацыянальнай валюты, але час паказаў, што гэтага не адбылося. На мой погляд, гэта сведчыць пра тое, што насельніцтва працягвае праядаць свае валютныя запасы, і, тым самым, ураўнаважвае валютны рынак. З іншага боку фінансавы стан прадпрыемстваў пастаянна пагаршаецца, і яны зніжаюць попыт на валюту на біржы. Усё гэта і прывяло да таго, што дэвальвацыі рубля пакуль не адбылося.

РР: Ці задаволены прадпрыемствы рашэннем аб зніжэнні адсоткаў па абавязковаму продажу валюты?

Барыс Жаліба: Безумоўна, бо зараз прадпрыемствы могуць большую частку валюты пакінуць на развіццё альбо куплю нейкага абсталявання. А тыя, хто займаецца і экспартам, і імпартам, будуць уплываць на попыт на біржы, што і адбываецца. Таму зараз мы і бачым, што рубель стабільны. Хаця, наколькі мне вядома, усе нашы суседзі па Еўразійскай эканамічнай супольнасці (і Расея, і Казахстан) ад такой нормы адмовіліся. Па некаторай інфармацыі, Нацыянальны банк у наступным годзе таксама плануе адмовіцца ад абавязковага продажу валюты.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nv-online.info