Чарговы напад на таксіста ў Гародні



У мінулую ноч у Гародні зноў адбыўся напад на кіроўцу таксі, пра гэта ў рэдакцыю „АвтоГродно”  паведамілі сябры пацярпелага.

У 01:05 да кіроўцы Андрэя (імя зменена) на прыпынку „Воінаў афганцаў” на вул. Курчатава падсеў малады чалавек. Ён выклікаў аўтамабіль таксі праз дыспетчарскую службу. Як пазней высветлілася, дыспетчарам малады чалавек патэлефанаваў з тэлефона выпадковага мінака. Калі аўтамабіль спыніўся, хлопец прызнаўся, што ў яго скралі кашалёк і што ў яго няма грошай. Кіроўца доўгі час спрабаваў дамовіцца з хлопцам, прапаноўваў падвезці яго да дома, да бацькоў. Але малады чалавек ад усяго адмаўляўся і казаў, што не мясцовы, а толькі вучыцца ў Гародні.

Тады кіроўца сказаў, што адвязе хлопца ў пастарунак і што там ужо будзе далейшая гутарка. Мужчына стаў ад’язджаць і разварочваць аўтамабіль.

У гэты момант хлопец накінуўся на кіроўцу, сціснуў яго грудную клетку дзвюма рукамі і запатрабаваў спыніць аўтамабіль. Калі машына спынілася, таксіст адчуў на сваім горле металічны прадмет і схапіў хлопца за рукі. Малады чалавек аказаўся досыць слабым і кіроўца вызваліўся з захопу. Хлопец выскачыў з машыны і ўцёк.

Нагадаем, у красавіку 2016 года ў Гародні такім жа чынам пасажыр напаў на кіроўцу таксі, ударыўшы яго ў шыю кухонным нажом. Зламысніка затрымалі, нядаўна суд агучыў прысуд: 10 гадоў калоніі.

У жніўні 2016 гады адбыўся самы абуральны выпадак: гарадзенскага таксіста забілі з-за дзённай выручкі.