Гарадзенскім вуліцам – гістарычныя назвы
Калі не атрымліваецца пераканаць мясцовыя ўлады перайменаваць такія вуліцы, як Савецкая, Тэльмана, Урыцкага ці Кірава, то ўсталяваць шыльды ці стэнды з гістарычнымі назвамі – без змены сённяшняй назвы – гэтая задача цалкам выканальная.
Так вырашылі журналісты інфармацыйнага партала Hrodna.life і склалі адпаведную петыцыю ў гарадскі выканкам, – распавядае галоўны рэдактар сайта Аляксей Шота:
– У пачатку 90-х гадоў яшчэ ўдавалася пераймяноўваць назвы, пасля гэта былі лічаныя выпадкі. Прытым, што ў іншых гарадах павольна, але такая праца ідзе. Гародня ў гэтым сэнсе ўнікальны горад. Магчыма, за ім проста больш сочаць чыноўнікі – гэта Заходняя Беларусь. Менавіта таму мы прапануем не пераймяноваць вуліцы, а прадубляваць назвы сённяшнія і гістарычныя. Гэта значна танней і не патрабуе вялікіх затрат. Гэта можна зрабіць хоць сёння.
Аляксей Шота прыводзіць прыклад, што вуліца Урыцкага некалькі называлася Залатарскай, бо там жылі гарадзенскія ювеліры – залатары. Пад петыцыяй, якую можна знайсці на сайце Hrodna.life, сабрана ўжо больш за 300 подпісаў. Ініцыятары спадзяюцца ня менш, чым на тысячу. Пазней зварот накіруюць гарадзенскім уладам.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота prosto-free.livejournal.com