Беларускія “партызаны” ў Варшаве (абноўлена)



У найвялікшым клубе Варшавы адбыўся фестываль «Партызан-Рок», на які арганізатар Яўген Новаш прывёз гурты «Дзецюкі», «Крамбамбуля» і «Brutto».

Віталь Гуркоў, шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе, вакаліст гурту «Brutto»:

Я ніколі не чакаю нічога ад публікі, я чакаю толькі ўласна ад самога сябе, ад музыкаў нейкае самаатдачы і драйву.

Сяргей Лабандзіеўскі, адказны за гук «Дзецюкоў» у Польшчы:

Тут шмат народу змяшчаецца, таму рок-н-ролу больш. Зала больш вялікая, таму больш падобна да стадыённага року.

Алесь Дзянісаў, гурт «Дзецюкі»:

Гомельскі канцэрт «Brutto» дае магчымасць спадзявацца, што будзе нейкая адліга. Але прабачце, я ў гэта не веру. Далі сабаку костку. Наколькі шмат гэтых костак накідаюць – не ведаем. Мне падаецца, што ўлады будуць патрабаваць больш і больш абмежаванняў у тым сэнсе, што «а вось гэта, рабяты, прыбярыце, а гэта не трэба казаць, а гэта не трэба спяваць. Разумееце, у гэтым свеце ўсё так: дзесьці прыходзіць, а дзесьці адыходзіць. Таму ад чаго вы гатовы адмовіцца, каб нешта атрымаць? Ну, філасофія жыцця такая. Але трэба шукаць выхад. І пры гэтым самае галоўнае, што кожны адказны за сябе ў першую чаргу. Не за пакаленне, вуліцу ці двор, а за сябе. Пачынаеш з сябе, а потым ужо штосьці змяняецца вакол цябе.

Лявон Вольскі:

Канцэрт выдатны, шмат людзей, як ні дзіўна, я думаў, што не прыедуць… (смех) Прыемна, што не адпускалі доўга.

Я, як не дзіўна, пэўны час да маладога пакалення ставіўся скептычна. Магу сказаць, што цяпер у мяне ўсё гэта знялося абсалютна. Таму што вельмі шмат маладога пакалення ходзіць на канцэрты, усё болей і болей. Мне гэта вельмі падабаецца. І яны разумеюць тое, пра што я кажу.

Арганізатар фестывалю Яўген Новаш назваў імпрэзу поспехам, нягледзячы на пэўныя цяжкасці ў працэсе арганізацыі. Напрыклад, гурт «Крамбамбуля» доўга пратрымалі на дзяржаўнай мяжы, таму яны гралі на сцэне без папярэдняга саўнд-чэку, «з ліста».

– На канцэрт прыйшло амаль 2 тысячы чалавек, і мы гэтаму вельмі рады. Усе нашыя чаканні спраўдзіліся. Польскія арганізатары таксама задаволеныя. У наступным годзе плануецца другі фестываль, які будзе больш маштабны, з удзелам аднаго легендарнага польскага гурту і ўкраінскіх гуртоў. Безумоўна, як будзе расці фестываль – так будзе расці прафесіяналізм. Гэта такая проба пяра.

dscf5983

На здзіўленне, мала было ўкраінцаў, якія раней заўсёды складалі значную долю аўдыторыі Сяргея Міхалка ў Польшчы. Большасць на гэты раз склалі ўсё ж беларусы – як тыя, хто жыве ў Польшчы, так і тыя, хто адмыслова прыехаў з Беларусі. Былі і расейцы, якія вымушаныя ездзіць за мяжу, бо Міхалок – “непажаданы госць” на пляцоўках Расеі.

dscf6028

dscf6104

На «Партызан-Рок» людзі прыйшлі з рознымі мэтамі. Нехта хацеў паслухаць «Дзецюкоў», нехта «Крамбамбулю», а нехта адмыслова ездзіць на канцэрты “Brutto”:

– Я студэнтка БДУ, прыехала з Менска. На канцэрт прыехала адмыслова. Ён быў шматабяцальным з пункту гледжання таго, што быў універсальны набор гуртоў. На мой погляд, “Крамбамбуля” мала выступала. Гэта адзіны мінус канцэрта. Бо, калі шчыра, то прыехала перадусім на “Крамбамбулю”.

– Мне “Крамбамбуля” вельмі спадабалася.

– Я прыехала з Масквы адмыслова на «Brutto». Шыкоўна ўсё: атмасфера канцэрта, самі хлопцы, якія выкладваюцца на 100%. Усё выдатна.

Музыкі падрыхтавалі для гледачоў шэраг падарункаў – «Дзецюкі» выканалі песню «Рыдыёактыўны снег» з рэпертуару гурту «Кальян» узору 15-гадовай даўніны, «Крамбамбуля» ж узбагаціла свой рэпертуар песнямі часоў НРМ – «Партызанскай» і «Тры чарапахі». А вось песні «Грай» у выкананні «Brutto», якая не прагучала тыдзень таму ў Гомелі, не было і зараз. Трэба меркаваць, да двух канцэртаў рыхтаваўся аднолькавы спіс твораў.

[Not a valid template]

Пасля шэрагу канцэртаў «Дзецюкоў» у Польшчы, а таксама сумеснага канцэрту «Дзецюкоў» і «Brutto» ў Варшаве ў траўні Яўген Новаш вырашыў правесці нешта больш маштабнае. Таксама ён дадаў, што плануецца сумесны запіс альбома гуртоў «Дзецюкі» і «Hańba», а пасля вялікі тур у яго падтрымку.

Станіслаў Раманчук, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

Фота аўтара