Што святкуем, берасцейцы?
5 лістапада ў будынку Берасцейскага абласнога грамадска-культурнага цэнтра (АКЦ) адбыўся канцэрт, прысвечаны “Дню народнага адзінства”. Арганізатарам выступіла Берасцейскае аддзяленне Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання „Русское общество” (Белоруссия) пры падтрымцы Генеральнага консульства РФ. Выступоўцамі на мерапрыемстве сталі творчыя калектывы і выканаўцы абласнога клуба нацыянальных культур “Садружнасць”.
Калі зрабіць экскурс у гісторыю “свята”, то 22 кастрычніка 1612 года байцы Кузьмы Мініна і Дзмітрыя Пажарскага штурмам узялі Кітай-горад, тады гарнізон Рэчы Паспалітай адступіў у Крэмль. 2 лістапада гарнізон падпісаў капітуляцыю, а ўжо 3 лістапада здаўся. Пазней, у 2005 годзе, у Расеі чацвёртае лістапада абранае як дзяржаўнае свята наўзамен “Святу кастрычніка”.
Гарэльеф з помніка Мініну і Пажарскаму
Падзеі і сапраўды мелі месца, але ж каго перамаглі войскі Мініна і Пажарскага ў 1612 годзе на самой справе?
Рэч у тым што камандаваў войскамі Рэчы Паспалітай вайсковы і палітычны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага Ян Караль Хадкевіч. Быў ён вялікім гетманам вялікім літоўскім (1605-1621), графам на Шклове, Новай Мышы і Быхаве ды панам на Мельцы і Красніку. Вядома што агульная колькасць войскаў гетмана Хадкевіча на Маскоўскіх землях складала каля 12 тысяч чалавек. Аснову (каля 8000) складалі казакі. Астатняя частка была падзелена на некалькі атрадаў. Асобна стаяў гарнізон Крамля ў 3000 чалавек, з якім гетман Хадкевіч падтрымліваў сувязь і намагаўся каардынаваць дзеянні. Камандзірамі гарнізону былі хмяльніцкі стараста Мікалай Струсь і мазырскі харунжы Язэп Будзіла які і здаўся Мініну з Пажарскім.
Гетман Ян Караль Хадкевіч
Калі адкінуць гістарыяграфічную афарбоўку пра “польских интервентов”, то фактычна ў цяперашняй РФ святкуюць дзень перамогі маскоўцаў над войскамі ВКЛ і Кароны, у склад якіх тады ўваходзілі продкі цяперашніх украінцаў і беларусаў. Выглядае недарэчным святкаванне, няхай сабе і ў камернай абстаноўцы, гэтага “Дня…” у Берасці. Горад, на той момант, геаграфічна знаходзіўся ў цэнтры Рэчы Паспалітай, на межах земляў Кароны і ВКЛ. Таму як расцэньваць святкаванне “Дня…” нацыянал-патрыятычным асяродкам, калі нават дыскусія ў гарадской інфармацыйнай прасторы пра гэта не вядзецца?!
У адказ патрыёты ладзяць радыкальныя чыны, на мяжы хуліганскіх бо няма банальнай цывілізаванай дыскусіі. Пасля канцэрту з нагоды “Дня народнага адзінства” у АКЦ на пошту трапіў фотаздымак учынку, які імаверна некаторымі будзе разгледжаны як хуліганскі.
Беларускае Радыё Рацыя