Мікалай Бяльчук трымае галадоўку



Адзін з галоўных удзельнікаў гісторыі са стралянінай ля вёсцы Арлянка Мікалай Бяльчук трымае галадоўку. Пра гэта ён паведаміў у лісце да сваёй дачкі Веранікі, які адправіў з СІЗА №7 горада Берасця, дзе ўтрымліваецца з 12 кастрычніка. Падрабязней пра змест ліста кажа сама Вераніка Бяльчук:

– “Вераніка, няма сіл, але пакуль пішу. Прабачце за мой учынак і спадзявайцеся на горшае. Ты ж мяне ведаеш – я ад праўды не адмоўлюся. Сёння водзяць па кабінетах цэлы дзень. Калі кожны дзень не будзе ліста – значыць я ўжо страціў прытомнасць. Разумею, што галоднай смерцю паміраць будзе вельмі цяжка, але вы не перажывайце”.

Пра тое, колькі дзён Мікалай Бяльчук трымае галадоўку, дакладнай інфармацыі няма. Ці з’яўляецца галадоўка адказам на ягонае затрыманне і змяшчэнне ў СІЗА №7 – пакуль невядома, аднак ягоны бацька Іван не выключае такога:

– Каб яны сказалі, што прыедуць, забяруць Мікалая, прадставіліся, хто яны і навошта прыехалі, то і ніякіх бы размоў не было. Але ж яны нічога не сказалі, той толькі крыкнуў, што ў лес вядуць. Ну, а калі ў лес вядуць – значыць гэта бандыты.

Дата напісання ліста да Веранікі Бяльчук датавана другім лістапада. З ліста таксама вядома, што з Мікалаем Бельчуком праводзяць работу псіхолагі і ад харчовых перадачаў ён адмаўляецца.

Пацвердзіць альбо абвергнуць інфармацыю пра тое, ці трымае Мікалай Бяльчук галадоўку, не ўдалося і ў дзяжурнай частцы СІЗА №7 горада Берасця:

– Гэта трэба ўдакладняць у кіраўніцтва, а начальнік будзе толькі раніцай.

Ці ўдасца атрымаць больш дэтальную інфармацыю ад кіраўніцтва следчага ізалятара, таксама невядома, бо акурат 7 лістапада ў Беларусі афіцыйны выхадны дзень.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце