Каля КДБ прайшла акцыя памяці ахвяраў камунізму (абноўлена)



Для нас вельмі важна было засведчыць сваю пазіцыю адносна святкавання гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 году, – для нас яно не з’яўляецца святам. І важна, што зрабілі мы гэта, правёўшы пікет у цэнтры сталіцы краіны, каля будынку КДБ, – сказаў старшыня Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч.

Па яго словах, нават улады не робяць ніякіх захадаў, каб паказаць, што для іх 7 лістапада з’яўляецца святам.

– Хоць гэтая дата і застаецца ў календары, гэта выходны дзень, але адсалютна пустыя вуліцы, ніякіх святочных упрыгожванняў. Гэта азначае, што фармальна і ментальна і ўлады ўжо гатовыя адмовіцца. Аднак камуністычнае, савецкае мінулае трымае іх за ногі, не дае правесці змены. Бо Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады як раз пад лозунгамі вяртання ўсяго таго, што было ў Савецкім Саюзе, адраджэння Савецкага Саюза. Ён працягвае стаяць на гэтых пазіцыях.

Правацэнтрысты пачынаюць збор подпісаў за перайменаванне вуліц, названых у гонар датычных да савецкіх рэпрэсій, – паведаміў старшыня руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч падчас сённяшняй  акцыі памяці. Плануецца таксама сабраць подпісы за адмену дзяржаўнага святкавання 7 Лістапада і ўвядзенне ў каляндар святаў 25 Сакавіка (Дзень Волі) і 8 Верасня (Дзень беларускай вайсковай славы).

* * *

Нягледзячы на забарону Менгарвыканкамам шэсця і мітынгу, які планавалі правесці прадстаўнікі Беларускай правацэнтрысцкай кааліцыі, каля будынку КДБ прайшоў паўгадзінны пікет, прымеркаваны да гадавіны Кастрычніцкага перавароту. У ім удзельнічалі каля 20 чалавек.

Па словах аднаго з арганізатараў мерапрыемства, сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталя Рымашэўскага, людзі прыйшлі на несанкцыянаваную акцыю, кіруючыся запаветам продкаў – не баяцца змагацца:

– Васіль Быкаў у 1998 годзе сказаў: пакуль нацыя не пакаецца, пакуль не будуць названыя імёны ахвяраў і ўшанаваны, пакуль не будуць названыя імёны катаў – не будзе ў нас шчаслівай будучыні. І ён, як нацыянальны прарок, не памыляўся. Сёння тут партрэты зніклых пры рэжыме Лукашэнкі – Захаранкі, Ганчара… І тыя, каго расстраляла злачынная савецкая ўлада. Гэта ўсё вынікі адной і той жа ідэалогіі.

Міліцыя не перашкаджала правядзенню мерапрыемства. Аднак на яго арганізатараў і найбольш актыўных удзельнікаў былі складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Раней каля Дома ўраду адбыўся мітынг Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ) з нагоды чарговай гадавіны Кастрычніка, апазіцыйныя камуністы з партыі „Справядлівы свет” таксама сёння ўсклалі кветкі ля помніка Леніну.

* * *

У Менску каля будынку КДБ прайшоў пікет, на якім было нагадана пра ахвяры кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года і камуністычнага таталітарызму, што ўсталяваўся ў яе выніку. Акцыю арганізавала правацэнтрысцкая кааліцыя.

1107_hdz_antytatal_piket_07-k9y6v

Па словах старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, арганізатары мерапрыемства імкнуцца нагадаць грамадзянам Беларусі пра памяць, адказнасць і самапавагу, без якіх немагчыма крочыць у будучыню:

— Гэта трагедыя, бо сотні тысяч людзей закатавалі, забілі — мільёны людзей. І не ведаць гэтага сёння можа, хіба што, толькі нейкі падлетак Нескладана зайсці ў інтэрнэт і атрымаць інфармацыю пра тое, што гэта такое. Сярод нас засталіся нашчадкі тых часоў.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі назваў існую ўладу «аскепкам савецкай сістэмы». Менавіта таму, лічыць палітык, яна не дазволіла акцыю ў памяць ахвяраў савецкіх рэпрэсій.

1107_hdz_antytatal_piket_01-ljd2y

1107_hdz_antytatal_piket_10-yb4v4

Несанкцыянаванае мерапрыемства доўжылася паўгадзіны. Удзельнікі (прыблізна 20 чалавек) стаялі з лампадамі і партрэтамі ахвяраў савецкіх рэпрэсій і зніклых палітыкаў. У дачыненні да прысутных міліцыя склала пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Наша Ніва