Гурту “Мроя” – 35



Акурат 7 лістапада 1981 году адбыўся дэбютны канцэрт легендарнага гурту “Мроя”. Месцам дзеі сталася актавая зала мастацкае вучэльні імя Глебава ў Менску, дзе ў той час вучыліся ўдзельнікі ансамбля. “Мроя” ўвайшла ў гісторыю як першы выключна беларускамоўны рок-гурт, аб’ездзіла з канцэртамі ўсю Беларусь, завітвала ва Украіну, Польшчу ды Францыю, запісала 5 нумарных альбомаў, што разышліся буйнымі накладамі.

d9feda828

Менавіта з “Мроі” пачалася музычная біяграфія Лявона Вольскага. Зараз музыка ацэньвае той пэрыяд кар’еры вельмі самакрытычна.

– Тое, што было тады, – гэта банальны юнацкі самавыраз. Сабраліся людзі здольныя, адразу відаць, не ўмеючы граць, яны штосьці цікавага панапісвалі. Усе былі не падарункі, таму што гэта юнацтва, усе такія максімалісты, усе лічаць сябе вельмі сур’ёзнымі. Асабліва некаторыя. Не я, канешне.

“Мроя” пакінула вялікі архіў са студыйных і канцэртовых аўдыё- і відэазапісаў, які яшчэ патрабуе адлічбоўкі і вывучэння. Правапераемнікам калектыву з’яўляецца NRM, гэты гурт пасля сыходу Лявона Вольскага застаецца ў няпэўным стане.

Стась Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя