Польскі амерыканіст: «Выбар Клінтан можа стацца для Пуціна выгадным»
Трамп як кандыдат Пуціна? Неабавязкова, лічыць польскі прафесар амерыканістыкі з Галоўнай гандлёвай школы Пётр Асташэўскі. Палітолаг узгадвае, што менавіта Гілары Клінтан спрычынілася да пашырэння расейскіх інтарэсаў у ЗША.
Прэса моцна крытыкуе Трампа за словы, у той час як дзеянні Клінтан застаюцца па-за ўвагай медыя, гаворыць Пётр Асташэўскі:
— Трамп гаворыць, што выставіць рахунак за базы НАТО, але ён гэта паўтарае ад 1990 года. Але мне падаецца што сістэма і гэтага б не дазволіла, гэта толькі выбарчая баўбатня, гэта словы. У той час спадарыня Клінтан дзейнічае, і гэта вельмі небяспечна – тое, што Трамп гаворыць, людзей абурае, а дзеянні спадарыні Клінтан праходзяць без спецыяльнага здзіўлення. Клінтан мае за сабой дзеянні, якія з’яўляюцца злачыннымі. Між іншым тое, што фундацыя спадарыні Клінтан прызналася ў атрыманні хабару ад Катару, і гэта было пададзена ў тэлевізійных навінах, гэта не навіны з нейкага інтэрнэт-партала, ад кагосьці, хто проста не любіць спадарыні Клінтан. Другая справа, фундацыя спадарыні Клінтан замешаная ў дапушчэнні да таго, каб “Росатом”, расейская дзяржаўная фірма ўзяла кантроль над 25% радовішчаў урану ў Злучаных Штатах.
РР: Але ў якім годзе гэта было?
Пётр Асташэўскі: Гэта адбывалася пасля 2009 года. Да гэтага ўсяго даходзіць упушчэнне на працягу гадоў (бо гэта на працягу аднаго года) Сбербанка, як аднаго з найвялікшых і найбольш уплывовых лабістаў у Злучаных Штатах. Гэта толькі два такія пытанні, якія выклікаюць вялікі непакой. Таксама, як паказана, што Білу Клінтану можна ездзіць з лекцыямі ў Расею, дзе ён атрымлівае вялікія грошы за лекцыі, якія прыходзяць яму на прыватны рахунак, а не на рахунак фундацыі.
РР: Але спадар прафесар, Вы гавораце пра перыяд пасля 2009 года, калі быў перазапуск адносінаў з Расеяй, з Крамлём. Цяпер жа мы маем санкцыі, эмбарга…
Пётр Асташэўскі: Адно з другім не мае нічога супольнага. Тое, што робяць спадарства Клінтан праз фундацыю, гэта зусім не тое, што дзяржава накладае эмбарга, яны могуць падтрымаць эмбарга, тут ёсць пытанне, на што накладзена гэтае эмбарга. Але з другога боку гэтая фірма дагэтуль мае ўплыў на амерыканскім рынку, каб мець жывыя кантакты з расейскімі дзяржаўнымі кампаніямі. Дзяржаўнымі, а не прыватнымі. Гэта ўжо вельмі небяспечна.
Медыя не любяць Трампа. Але трэба памятаць, што Трамп мае такі ж імідж, як Рэйган у 1980 годзе. Што ён мае 70 гадоў (тады гэта было падзеяй), што гэта актор, што бацька памёр праз хваробу Альцгеймера, быў алкаголікам, значыць і сын скрывае, і будзе такім. Што не разбіраецца ў палітыцы, дазволіў некаму сябе пераканаць у гэтых “Зорных воінах” і распачне ядзерную вайну з Савецкім Саюзам. Тое самае Клінтан сказала 1 лістапада на прамове ў Цынцынаці ў штаце Агая, што калі абяруць Трампа, то будзе ядзерная вайна, бо Трамп спачатку робіць, а потым думае. То бок націсне кнопку з ядзерным кодам і выпусціць ракету.
РР: Але калі мы кажам пра адносіны ЗША-Расея, калі Вы параўноўваеце Трампа з Рэйганам, Рэйган не казаў, што Леанід Брэжнеў – гэта добры лідар, мы з ім дамовімся, альбо, што інтэрвенцыя Савецкага Саюза ў Афаганістан — гэта добра.
Пётр Асташэўскі: Рэйган казаў ясна, і яго адразу за гэта вінавацілі. Ён казаў: імперыя зла, турма народаў, сатанінская краіна. Ён гэта казаў, і тады гэта таксама ўспрымалі як тое, што сёння гаворыць Трамп. Але мы не ўнікаем у тое, які маюць адбітак словы Трампа на ўнутраныя адносіны ў Злучаных Штатах. Спадарыня Клінтан стараецца давесці, што Дональд Трамп – гэта марыянетка Уладзіміра Пуціна. Кожны глядзяць на выбары ў ЗША і на кагосьці ставіць. У Пекіне таксама Сі Цзіньпін мае свайго кандыдата. Відавочна, што з пункту гледжання Кітая было б значна лепей, каб прэзідэнтам стала спадарыня Клінтан, бо ёсць пытанне, ці будзе перагляд гандлёвых трактатаў. З пункту гледжання Пуціна – альбо той, альбо іншы кандыдат. Няма адназначнай ацэнкі, Пуцін не сказаў, што хацеў бы мець Трампа альбо Клінтан за прэзідэнта. Але мне падаецца што з пункту гледжання Пуціна таксама выбар спадарыні Клінтан быў бы больш выгадным, бо Трамп як непрадказальны палітык і так можа быць стрыманы праз механізмы, якія ёсць у Злучаных Штатах.
Гутарыў Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: REUTERS/Mikhail Metzel